Спажывецкія цэны за сьнежань у Беларусі вырасьлі на 0,4%, цэны на харчовыя тавары — на 0,7%, паслугі падаражэлі на 1,1%. Такія дадзеныя за сьнежань публікуе Белстат. Паказальна, што дагэтуль два месяцы цэны падалі, то бок назіраўся працэс, адваротны інфляцыі — дэфляцыя.
Гэта адбылося пасьля таго, як Лукашэнка ў кастрычніку забараніў павышаць цэны. Пасьля цэны павышаць усё ж дазволілі, але толькі калі на гэта дадуць дабро чыноўнікі.
Што падаражэла
Кіляграм бескасьцёвай сьвініны ў кастрычніку каштаваў 14,33 рубля за кіляграм, а ў сьнежні стаў каштаваць 14,36 рубля. Рост +0,21%, згодна з памесячнымі цэнамі ад Белстат.
Ялавічына, наадварот, патаньнела на 0,26%. Мінулыя месяцы, яшчэ да забароны на рост цэнаў, найбольш даражэла гародніна. Тэндэнцыя захавалася.
Напрыклад, памідоры ў кастрычніку каштавалі 4 рублі 7 капеек за кіляграм, а ў сьнежні сталі каштаваць 7 рублёў 19 капеек, рост +43%.
Агуркі ў кастрычніку каштавалі 3 рублі 92 капейкі, а ў сьнежні сталі каштаваць 8 рублёў за кіляграм. Рост +51%, гэта падаражэньне больш чым удвая.
Морква ў кастрычніку каштавала 88 капеек, а ў сьнежні ўжо 97 капеек. Рост 9%. Бульба вырасла ў цане на 4,1%.
Падаражэла і садавіна, яблыкі вырасьлі ў цане на 5%, вінаград падаражэў на 25%, цытрусавыя вырасьлі ў цане на 8%, а вось цана на бананы не зьмянілася.
Цана на малако з кастрычніка не зьмянілася, кефір падаражэў на 2 капейкі, або на 1,1%.
Хлеб з кастрычніка патаньнеў на 2%, мука патаньнела таксама — на 1,3%.
Што кажуць людзі
Чытачы Свабоды таксама заўважылі падаражэньне садавіны і гародніны.
«Падаражэла садавіна і гародніна, нават калі цэны параўноўваць у далярах.
Асабліва тое, што прывозяць з Гішпаніі, Грэцыі і Турэччыны», — прыводзіць прыклад чытач.
«Апэльсіны ў е-дастаўцы ў кастрычніку каштавалі 4 рублі 53 капейкі, а цяпер 4 рублі 99 капеек», — прыводзіць яшчэ адзін прыклад чытачка.
Памідоры, па яе назіраньнях, падаражэлі амаль удвая, таксама прыбавілі ў цане яблыкі.
Чаму падаражэлі гародніна і садавіна
Падаражэньне садавіны і гародніны экспэртка Beroc Анастасія Лузгіна зьвязвае з сэзонным фактарам.
«Гэта сэзонны фактар, цэны на гэтыя прадукты пасьля могуць зьнізіцца. Канечне, сэзонны прадукт будзе даражэць у зімовы час. Аб’ектыўна яны заўжды даражэюць узімку. І гэта таксама зьвязана з тым, што ў сьнежні пачаліся новыя пастаўкі, бо па такіх прадуктах нельга зрабіць запас на некалькі месяцаў наперад», — кажа Анастасія Лузгіна.
Чаму вырасьлі цэны
На думку экспэрткі Beroc Анастасіі Лузгіной, у лістападзе прадпрымальнікі яшчэ прадавалі складзкія запасы па старых цэнах, а ў сьнежні заключаліся ўжо новыя кантракты з імпартэрамі.
«Гандлёвыя сеткі адаптаваліся да новых правілаў. Рэгуляваньне цэнаў не азначае, што цэны зусім нельга павышаць. Пачаўся імпарт прадуктаў па новых цэнах, у выніку па прадуктах харчаваньня бачны большы рост. Найперш гэта тычыцца імпартных прадуктаў», — кажа Анастасія Лузгіна.
Што далей будзе з цэнамі
Анастасія Лузгіна прагназуе, што цэны далей будуць расьці, але нельга забывацца і на фактар адміністратыўнага рэгуляваньня.
«Цэны будуць расьці, але і будуць прымяняць ручное кіраваньне. Павышэньне будзе, але будзе ісьці цяжка. Калі чыноўнікі будуць бачыць, што нешта моцна падаражэла, могуць зноў нешта забараняць ці скарачаць асартымэнт. Рызыкі захоўваюцца, бо паралельна з заніжанай інфляцыяй хочуць стымуляваць унутраны попыт за кошт інвэстыцый», — кажа Анастасія Лузгіна.