Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкордная інфляцыя, паўтары тысячы палітвязьняў. Як прайшоў 2022 год — у адным календары


Свабода сабрала падзеі адыходзячага году ў адным календары лічбаў.

У 2022 годзе Беларусь стала суагрэсарам у нападзе на Ўкраіну, беларускія гарады пакінулі вядомыя брэнды і кампаніі, цэны расьлі, а пасьля ім забаранілі гэта рабіць. Было і добрае — у Беларусі сабралі першы ноўтбук. Праўда, у ім толькі 12% беларускага. Успамінаем 2022 год у лічбах, па адной на кожны месяц.

Студзень

  • 20,3 мільёна рублёў

Столькі ўлады Беларусі выдзелілі на рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю, ужо чацьвёрты за час кіраваньня Лукашэнкі. Галасаваньне правялі 27 лютага. Паводле афіцыйных вынікаў, амаль 83% яго ўдзельнікаў падтрымалі ўлады і прагаласавалі за ўвядзеньне зьменаў. Афіцыйная яўка склала амаль 79%. Незалежнага назіраньня на ўчастках для галасаваньня гэтым разам не было, вынікі рэфэрэндуму аспрэчылі апанэнты ўлады.

Люты

  • 800 чалавек

Столькі людзей, паводле падлікаў сілавікоў, затрымалі ў Беларусі 27 лютага за пратэсты супраць рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыю і супраць расейскага нападу на Ўкраіну. Усяго за пратэсты супраць нападу на Ўкраіну пад рэпрэсіі трапілі сама меней 1,5 тысячы чалавек, гэтая лічба пастаянна павялічваецца.

Сакавік

  • 30 міжнародных кампаній

Столькі кампаній з замежным капіталам заявілі ў сакавіку, што пакідаюць Беларусь за саўдзел у нападзе на Ўкраіну. Сярод іх такія брэнды, як Ikea, H&M, Intel, Bolt, MAN ды іншыя.

Красавік

  • Звыш 60 чалавек

Столькі людзей затрымалі ў Беларусі за дывэрсіі на чыгунцы, прызначаныя спыніць перасоўваньне расейскай вайсковай тэхнікі. Вядома пра дзясяткі пасьпяховых дывэрсій. Затрыманых беларускія ўлады вінавацяць у тэрарызьме, суды ў іхных справах працягваюцца.

Травень

  • $16–18 мільярдаў

На такую суму праз санкцыі быў заблякаваны беларускі экспарт, паводле прэм’ера Беларусі Рамана Галоўчанкі. Гэта 32–34% ад усяго аб’ёму беларускага экспарту за 2021 год.

Чэрвень

  • Гадавая інфляцыя — 18%

Такая гадавая інфляцыя (павелічэньне цэнаў на тавары і паслугі) склалася ў Беларусі ў чэрвені, і гэта рэкорд за апошнюю пяцігодку.

Ліпень

  • Мінус 5500 чалавек

Такі чысты адток кадраў у ІТ-сфэры Беларусі адбыўся за паўгода. Ён працягваецца дагэтуль. Найчасьцей беларускія ІТ-кампаніі і спэцыялісты пераяжджаюць у Польшчу і Літву.

Жнівень

  • 500 кілямэтраў

Такая працягласьць загароды з калючым дротам на мяжы зь Беларусьсю, якую да жніўня пасьпела пабудаваць Літва. Яна пакуль закрывае ня ўсе ўчасткі супольнай мяжы. Польшча свой плот на мяжы зь Беларусьсю ўжо дабудавала. Пра намер узмацніць мяжу зь Беларусьсю заявілі таксама Латвія з Украінай.

Верасень

  • 12%

Столькі «беларускага», па словах Лукашэнкі, у першым беларускім ноўтбуку, які ён прадэманстраваў школьнікам 1 верасьня. Ноўтбук маюць рабіць на «Гарызонце». Нягледзячы на заявы Лукашэнкі пра гатоўнасьць да старту продажаў, кампутар у крамы пакуль так і не паступіў.

Кастрычнік

  • 0% — магчымы рост цэнаў

У кастрычніку Лукашэнка забараніў цэнам расьці, каб спыніць інфляцыю. А за павышэньне крамам прыгразілі крымінальнымі артыкуламі. Пасьля гэтага за кратамі апынуліся некалькі дзясяткаў чалавек. Па стане на канец году пра суды над імі нічога не вядома. Цэны працягваюць расьці.

Лістапад

  • 26 гадоў

Столькі ў Менску працавалі рэстараны сеткі McDonald’s. У лістападзе брэнд абвясьціў, што канчаткова пакідае краіну. Некалькі дзён сетка рыхтавалася пачаць працу пад новым расейскім брэндам «Вкусно и точка», аднак гэтага не адбылося. Пакуль былыя «Макдональдсы» працуюць увогуле бяз брэнду і з абмежаваным мэню.

Сьнежань

  • 1433 чалавекі

Столькі людзей у Беларусі прызнаў палітвязьнямі праваабарончы цэнтар «Вясна» па стане на 15 сьнежня. Паводле праваабаронцаў, з 2020 году сілавікі завялі больш за 11 тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў. Рэальная колькасьць палітзьняволеных у Беларусі можа быць значна большая. Некаторыя зь іх альбо іхныя родныя выступаюць супраць афіцыйнага прызнаньня палітычнага перасьледу. 10 сьнежня ў Осла Нобэлеўскі камітэт узнагародзіў прэміяй міру заснавальніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Сам Бяляцкі цяпер зноў прызнаны палітвязьнем, ён за кратамі. На цырымоніі прысутнічала ягоная жонка Натальля Пінчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG