Кіраўніцтва RFE/RL назвала адкрыцьцё офісу «чарговым крокам у рамках шырокай стратэгіі па супрацьдзеяньні дэзынфармацыі з Расеі».
Цырымонія адкрыцьця віленскага офісу прайшла ўвечары 10 студзеня ў віленскім музэі МО, які спэцыялізуецца на сучасным мастацтве. Першым прамаўляў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.
«Радыё Свабодная Эўропа, Радыё Свабода тут, у Вільні, — сказаў Наўседа падчас вітальнай прамовы. — Для Літвы вялікі гонар даць прытулак і падтрымаць чальцоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Гэта вельмі сымбалічна. Таму што Вільня — гэта горад Францішка Скарыны і Кастуся Каліноўскага. Месца вольналюбівых людзей зь Беларусі. Вялікая колькасьць беларускіх дысыдэнтаў, апазыцыйных актывістаў, абаронцаў правоў чалавека, дзеячоў мастацтва і незалежных журналістаў атрымалі новы дом у Вільні... За 40 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю і за 200 ад Менску».
Віленскі офіс прыняў журналістаў, вымушаных пакінуць Беларусь. У ліпені 2021 году сілавікі ўварваліся ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе, сканфіскавалі тэхніку. Улады прызналі Радыё Свабода «экстрэмісцкай арганізацыяй», фактычна крыміналізаваўшы як рэпартажы журналістаў, так і іншыя матэрыялы Свабоды.
У сваёй заяве з нагоды адкрыцьця віленскага офіса кіраўніцтва RFE/RL адзначае, што двое журналістаў Свабоды — Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык — «застаюцца несправядліва зьняволенымі рэжымам Лукашэнкі».
Акрамя прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы, на цырымоніі выступілі сьпікерка Сойму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн.
Выступалі таксама лідэрка беларускай апазыцыі ў выгнаньні Сьвятлана Ціханоўская, амбасадар ЗША ў Літве Робэрт Гілкрыст, былы прэзыдэнт Радыё і сябра Рады дырэктараў RFE/RL Джэфры Гэдмін, а таксама дзейны прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай.
У сваёй заяве Джэймі Флай падзякаваў прэзыдэнту Наўседу і ўраду Літвы за іх «непахісную падтрымку місіі RFE/RL».
«Наш новы віленскі офіс — сьведчаньне дзесяцігодзьдзяў партнэрства Радыё Свабода зь літоўскім народам, — сказаў Джэймі Флай. — Гэта дазволіць нам забясьпечваць нашу аўдыторыю ў Беларусі дакладнымі і праўдзівымі навінамі. Я вельмі ганаруся нашымі журналістамі, якія так многім ахвяравалі дзеля выкананьня гэтай місіі і якія цяпер знайшлі бясьпечны прытулак у Літве».
У прамове падчас адкрыцьця новага офісу Джэймі Флай таксама падзякаваў прэзыдэнту і ўраду Літвы за сталую падтрымку журналістаў Свабоды. Ён згадаў савецкую акупацыю Літвы — у тыя часы і пазьней дзейнічала літоўская служба Радыё Свабодная Эўропа, якая спыніла сваю працу ў 2004 годзе.
«І цяпер мы вяртаемся ў Вільню, і гэта час прадаставіць аўдыторыі ў Беларусі дакладную і праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў іх краіне, у той час як Лукашэнка працягвае крыміналізаваць інфармацыю і звужаць інфармацыйную прастору».
Прэзыдэнт RFE/RL таксама гаварыў пра рэпрэсіі ў дачыненьні як да журналістаў Свабоды, так і да аўдыторыі Свабоды, людзей, якія пацярпелі за падабайкі і перадрук публікацый.
Акрамя журналістаў беларускай службы Радыё Свабода, у віленскім офісе таксама будуць працаваць супрацоўнікі «Настоящего времени», кругласутачнай расейскамоўнай відэаплятформы.
- Місія мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя. РСЭ/РС паведамляе пра факты, не зважаючы на ціск.
- Журналісты РС/РСЭ даюць многім людзям тое, што ім недаступна ў сваіх краінах (або ў мясцовых сродках інфармацыі): навіны без цэнзуры і адкрытую дыскусію. РС/РСЭ імкнецца адпавядаць найвышэйшым стандартам аб'ектыўнай журналістыкі і асьвятляць факты, не паддаючыся на ціск або спробы ўплыву.