Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: У Іране небясьпечна нават спачуваць пратэстоўцам


Тры іранцы, асуджаныя да сьмяротнага пакараньня за ўдзел у антыўрадавых пратэстах
Тры іранцы, асуджаныя да сьмяротнага пакараньня за ўдзел у антыўрадавых пратэстах

Арышт і забарона на прафэсію — такія меры ўжывае рэжым у Іране супраць журналістаў, навукоўцаў і пісьменьнікаў, якія выказваюць салідарнасьць з пратэстамі, якія працягваюцца ў краіне.

Пра гэта піша DW.

«Мы ня ведаем, каго з нас арыштуюць наступным. Настрой жахлівы», — прызнаюцца ў гэтыя дні журналісты зь Ірану ў прыватных размовах з замежнымі калегамі. Перад камэрай ці мікрафонам ніхто паўтарыць гэта не гатовы. Максымум, на што іранцы гатовы сёньня — гэта пасты ў сацыяльных сетках.

За пост у сацсетках у Іране можна апынуцца ў турме

Але і пасты гэта небясьпечна — што ў чарговы раз даказвае гісторыя іранскага журналіста Мілада Алаві. 1 студзеня яго арыштавалі. Прычына да гэтага часу невядомая, паведамляе яго брат у Twitter. Некалькімі тыднямі раней паліцыя правяла ператрус у кватэры журналіста і канфіскавала яго смартфон і кампутар.

Алаві паведамляў аб пратэстах у Іране і ахвярах іх бязьлітаснага падаўленьня сілавымі ведамствамі. Масавыя выступленьні пачаліся ў верасьні пасьля сьмерці 22-гадовай курдзкай дзяўчыны Махсы Аміні, якую паліцыя нораваў затрымала за тое, што яна нібыта насіла хіджаб «няправільна».

Пратэстныя акцыі сталі самымі буйнымі з часоў рэвалюцыі 1979 году — яны ахапілі 160 гарадоў ва ўсіх правінцыях краіны. Паводле ацэнак праваабаронцаў, як мінімум 470 пратэстантаў ужо былі забітыя, каля 18 тысячаў арыштаваныя. А цяпер рэпрэсіўны апарат помсціць тым, хто расказваў пра пратэсты ці спачуваў ахвярам. Як паведамляюць назіральнікі арганізацыі «Правы чалавека ў Іране» (Iran Human Rights), 62 журналісты знаходзяцца зараз у Іране за кратамі.

Мілад Алаві, які працаваў на добра вядомую ў Іране штодзённую газету Shargh, знаходзіцца зараз у камэры ў той жа турме, што і іранскі сацыёляг Саід Мадані. Як паведамляла ў канцы сьнежня ўсё тая ж Shargh, навукоўца неаднаразова наведвалі ў зьняволеньні высокапастаўленыя чыноўнікі аднаго зь іранскіх міністэрстваў. «Яны хацелі атрымаць ад яго рэкамэндацыі, якім чынам пагасіць хвалю незадаволенасьці ў краіне», — распавёў у інтэрвію выданьню адвакат Мадані. Спыніць гвалт і падумаць аб захаваньні правоў дэманстрантаў, цытуе газэта адказ сацыёляга.

У выніку 61-гадоваму нвукоўцу далі 9 гадоў зьняволеньня — за «прапаганду супраць Ісламскай Рэспублікі Іран», як напісана ў прысудзе. Распаўсюджваньне яго кніг было забаронена яшчэ раней. У сваіх кнігах Мадані заклікаў іранскае грамадзтва да салідарнасьці і гатоўнасьці адстойваць свае перакананьні. Цяпер менавіта за гэта перасьледуюць яго і шэраг яго калег. Напрыклад, унівэрсытэцкага прафэсара Фаршыда Нарузі. 2 студзеня ён паведаміў у Інстаграме, што з унівэрсытэту яго звольнілі. Прычына: ён адмовіўся перадаваць паліцыі імёны студэнтаў, якія з салідарнасьці з пратэстоўцамі байкатавалі заняткі.

Іранскія адвакаты за кратамі

У турме аказаліся і некалькі адвакатаў, якія спрабавалі абараняць правы ўдзельнікаў пратэстаў, распавёў DW Саід Дегхан. Праваабаронца і юрыст ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў Канадзе і спрабуе стварыць праваабарончую сетку, якая б з-за мяжы дапамагала пацярпелым іранцам.

«Мы дакумэнтуем сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека ў Іране, фіксуем імёны судзьдзяў, якія выносяць несправядлівыя прысуды, — кажа Дэгхан. — Мы таксама падтрымліваем кантакт з незалежнай камісіяй, створанай Радай па правах чалавека ААН з мэтай супрацьдзеяньня беспакаранасьці пры падаўленьні пратэстаў у Іране».

Галоўная мэта гэтай камісіі — спыніць выкананьне ў краіне сьмяротных прысудаў. Бо як паведаміла 3 студзеня Iran Human Rights Activists News Agency (HRANA), больш за палову пакараньняў сьмерцю праходзяць у Іране таемна.

Па дадзеных HRANA, летась у краіне былі пакараныя 565 чалавек, зь іх двое — з-за ўдзелу ў цяперашніх масавых пратэстах. Яшчэ дваіх пакаралі сьмерцю ў пачатку студзеня. Зараз яшчэ 26 дэманстрантам пагражае сьмяротнае пакараньне: падчас паказальных працэсаў 14 зь іх ужо прысудзілі да вышэйшай меры пакараньня, а абвінавачваньне астатнім 15-ці — напрыклад, «вайна супраць Бога» — таксама верагодна будзе клясыфікаванае судзьдзямі па гэтым жа артыкуле.

«Вайна супраць Бога»

А вось прыклад пісьменьніка і мастака Мехдзі Бахмана. Пасьля інтэрвію ізраільскаму тэлебачаньню ён быў прысуджаны судом у Тэгеране да сьмяротнага пакараньня. Бахман, які ўжо шмат гадоў заклікае да дыялёгу рэлігіяў, у інтэрвію выказаўся за наладжваньне адносінаў паміж Іранам і Ізраілем — пры тым, што ўлады ў Тэгеране лічаць ізраільцян сваімі зацятымі ворагамі і ўжо пагражалі ўвогуле зьнішчыць дзяржаву Ізраіль.

У падобных выпадках іранскае правасудзьдзе выносіць прысуды на падставе абвінавачаньняў у шпіянажы. Так было і з Бахманам. У кастрычніку 2022 года Бахман быў арыштаваны і нават без прадастаўленьня яму адваката асуджаны на сьмяротнае пакараньне.

Сьмяротнае пакараньне таксама пагражае двум журналісткам — Нілуфару Хамэдзі і Элаэ Махамадзі, — яны першымі напісалі аб гібелі ў верасьні Махсы Аміні. Улады Ірана абвінавацілі іх у дзяржаўнай здрадзе і працы на спэцслужбы ЗША.

А футбаліста Аміра Рэза Наср Азадані за ўдзел у антыўрадавых пратэстах прыгаварылі да 26 гадоў турмы. Азадані абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве трох паліцыянтаў, а таксама ва ўдзеле ў змове з мэтай парушэньня грамадзкай бясьпекі і сяброўстве ў незаконных групоўках.

У сярэдзіне сьнежня выданьне IranWire паведаміла, што ўлады Ірана ўключылі Азадані ў сьпіс асуджаных на сьмяротную кару. У сувязі з гэтым Міжнародная фэдэрацыя асацыяцыяў прафэсійных футбалістаў заявіла пратэст іранскім уладам, заклікаўшы іх адмяніць гэтае пакараньне для спартоўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG