Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорcкім «рэйкавым партызанам» далі ад 21 да 23 гадоў зьняволеньня


Дзяніс Дзікун, якога сёньня асудзілі на 23 гады пазбаўленьня волі
Дзяніс Дзікун, якога сёньня асудзілі на 23 гады пазбаўленьня волі

У Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд грамадзянам, якія ў час наступу расейскіх войскаў на Кіеў спалілі на чыгунцы шафу з электронным абсталяваньнем, каб запаволіць падвоз расейскай вайсковай тэхнікі да ўкраінскай мяжы.

Як паведамляе праваабарончы сайт «Гомельская вясна», Дзяніс Дзікун асуджаны на 23 гады пазбаўленьня волі, Алег Малчанаў і Дзмітрый Равіч — адпаведна на 21 і 22 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама кожнага падсуднага аштрафавалі ў памеры 150 базавых велічыняў. Усе каштоўныя рэчы, канфіскаваныя падчас вобшукаў, перадалі на карысьць дзяржавы.

Справу вёў судзьдзя Анатолій Сотнікаў у закрытым рэжыме.

Усе трое 28 лютага 2022 г. падпалілі рэлейную шафу сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня на чыгуначным перагоне Жэрдзь — Астанкавічы ў Сьветлагорскім раёне. У выніку былі выведзеныя з карыстаньня святлафоры і стрэлачныя пераводы на адным з участкаў чыгункі Жлобін — Калінкавічы, якая далей працягваецца ва Ўкраіну. Гэтую чыгунку пабудавалі падчас Першай сусьветнай вайны таксама для падвозу войскаў у паўднёва-заходнім кірунку.

  • Сьветлагорцаў затрымалі 4 сакавіка. Іх абвінавацілі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: частка 3 артыкула 289 (акт тэрарызму), ч. 2 і 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзеньне ў няспраўнасьць транспартных сродкаў альбо шляхоў зносін), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве, у рэдакцыі Закону ад 9 студзеня 2019 г.) і ч. 3 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім). Усе трое ўтрымліваюцца ў СІЗА-3 у Гомлі.
  • 21 сакавіка праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
  • 24 лістапада Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю «Аб рэпрэсіях, якія працягваюцца ў Беларусі супраць дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці», у якой сярод прыкладаў рэпрэсій у сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны назваў і імёны трох сьветлагорцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG