Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца суд над «рэйкавым партызанам», якому пры затрыманьні прастрэлілі калені


Віталь Мельнік
Віталь Мельнік

Менскі абласны суд у закрытым рэжыме 5 сьнежня пачынае разгляд рэзананснай крымінальнай справы «рэйкавага партызана» Віталія Мельніка, якому пры затрыманьні сілавікі прастрэлілі каленныя суставы.

Працэс вядзе судзьдзя Анжаліка Данілава,паведамляюць праваабаронцы.

У чым абвінавачваюць Мельніка?

Сьледзтва канчаткова выставіла абвінавачаньне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін);
  • ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
  • ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 3 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, зьдзейсьненыя групай асоб, альбо паўторна);
  • ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму).

Па сукупнасьці пакараньняў за выстаўленыя абвінавачаньні яму можа пагражаць зьняволеньне ад 10 да 20 гадоў.

Што паведамляе пракуратура?

Крымінальная справа знаходзілася ў вядзеньні Сьледчага камітэта, які ўстанавіў, што 40-гадовы Віталь Мельнік у сакавіку 2022 году на чыгуначным перагоне Навасады — Барысаў падпаліў рэлейную шафу сьвятлафора аўтаматычнага блякаваньня, чым вывеў са строю сыстэму сыгналізацыі чыгункі. Гэта нібыта стварыла рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджаньня рухомага складу, гібелі альбо траўмаваньня людзей.

Заяўляецца, што ў ходзе папярэдняга сьледзтва ўстаноўлена дачыненьне абвінавачванага да іншых злачынстваў.

Так, паводле пракуратуры, у аўтамабілі і па месцы жыхарства мужчыны была выяўленая незарэгістраваная агнястрэльная зброя (пісталеты). У сацыяльных сетках ён нібыта неаднаразова публічна абражаў Лукашэнку.

«Пры затрыманьні фігуранта супрацоўнікі органаў унутраных спраў абгрунтавана ўжылі агнястрэльную зброю — выстралілі па яго ніжніх канцавінах», — гаварыцца ў паведамленьні пракуратуры.

Падрабязнасьцяў у справе пакуль мала

Вядома, што мужчына пражывае ў вёсцы Хадакова Менскага раёна, мае маленькае дзіця. Сямʼя лічыць, што Віталь ня мае дачыненьня да выстаўленых артыкулаў, і зьвязвае яго затрыманьне з помстай мясцовага судзьдзі, а таксама тым, што раней у Віталя была судзімасьць.

Іншыя падрабязнасьці справы пакуль невядомыя. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Доўгі час праваабаронцам не было вядома, дзе ўтрымліваюць Мельніка. Пазьней высьветлілі, што абвінавачаны знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага. Перасоўваецца мужчына на мыліцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG