Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі пачаўся закрыты суд над сьветлагорскімі «рэйкавымі партызанамі». Што пра іх вядома


Дзяніс Дзікун, адзін з падсудных у справе рэйкавых партызанаў
Дзяніс Дзікун, адзін з падсудных у справе рэйкавых партызанаў

Падсудным інкрымінуюць пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Усе трое былі добра знаёмыя паміж сабой.

Дзяніс Дзікун, Дзьмітры Равіч, Алег Малчанаў — жыхары Сьветлагорску, затрыманыя 4 сакавіка 2022 году за падпал 28 лютага на станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» рэлейнай шафы сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня (СЦБ). Неўзабаве пасьля затрыманьня стала вядома, што іх вінавацяць у падрыхтоўцы акту тэрарызму (арт. 289 Крымінальнага кодэксу). Усяго, як высьветлілася, на партызанаў завялі пяць артыкулаў.

Працэс адбудзецца ў Гомельскім абласным судзе і пройдзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя — Анатоль Сотнікаў.

Артыкулы, якія інкрымінуюць падсудным:

  • арт. 309 ч. 2 (Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін, якія пацягнулі па неасьцярожнасьці лёгкае або цяжкое цялеснае пашкоджаньне, або шкоды ў буйным памеры);
  • арт. 356 ч. 1 (Здрада дзяржаве, у рэдакцыі закону ад 09.01.2019);
  • арт. 289 ч. 3 (Акт тэрарызму);
  • арт 309 ч. 4 (Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін у мэтах зьдзяйсьненьня злачынстваў у межах артыкулаў 124, 126, 289, 359 і 360 КК);
  • арт. 361 заўв. 1 ч. 3 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).

Дывэрсіі на інфраструктуры Беларускай чыгункі пачаліся неўзабаве пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага. Тэрыторыя Беларусі і Беларуская чыгунка актыўна выкарыстоўвалася расейскімі войскамі для перавозак тэхнікі, боепрыпасаў і жывой сілы. Адразу ў некалькіх месцах краіны невядомыя пашкодзілі рэлейныя шафы — абсталяваньне, якое аўтаматызуе рух цягнікоў. У выніку адбыліся збоі ў руху эшалёнаў.

Дывэрсіі выклікалі рэзкую рэакцыю з боку ўладаў. Нейкі час перагоны патрулявалі нарады АМАПу і ўнутраных войскаў. Пачаліся масавыя затрыманьні чыгуначнікаў, аднак дывэрсіі гэта не спыніла.

Першых «рэйкавых партызанаў» затрымалі празь некалькі тыдняў пасьля пачатку дывэрсій. У адну з раскрытых груп уваходзілі тры жыхары Сьветлагорску, якія ніяк не былі зьвязаныя з чыгункай — Дзяніс Дзікун, Дзьмітры Равіч і Алег Малчанаў.

Брат Дзяніса Дзікуна Дзьмітры ў размове са Свабодай у чэрвені расказваў пра свайго затрыманага сваяка і ягоных сяброў. Дзяніс Дзікун нарадзіўся ў 1992 годзе, займаўся спортам. Езьдзіў на заробкі ў Расею. Ён мае спэцыяльнасьць токара, працуе на станках. Шмат дапамагаў сястры зь бізнэсам, яна мае краму ў Сьветлагорску. Некалі меў свой пункт на рынку, адкрываў ІП.

Усе трое абвінавачаных у дывэрсіях на чыгунцы былі знаёмыя паміж сабой даўно. Дзяніс Дзікун да арышту шмат гадоў жыў разам зь дзяўчынай. У Дзьмітрыя Равіча дзьве малыя дачкі, адна ходзіць у школу, другая толькі ў дзіцячы садок. Алег Малчанаў мае двух сыноў і дачку.

Да суду арыштаваных мужчын утрымлівалі ў СІЗА-3 Гомля. 17 чэрвеня Дзікуна, Равіча і Малчанава ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG