Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзыдэнта FIDH Валянціна Стэфановіча і юрыста Праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімера Лабковіча пачнуць судзіць у Менску 5 студзеня 2023 году.
Ім выставілі абвінавачаньні ў кантрабандзе і фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў патрабуе іх вызваліць і заклікае да акцый салідарнасьці.
У заяве сьцьвярджаецца, што перасьлед праваабаронцаў «Вясны» зьяўляецца абуральным парушэньнем іх правоў на свабоду, справядлівы судовы разбор і свабоду абʼяднаньняў, замацаваных у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларусьсю.
Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў — супольная праграма Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў (OMCT) і Міжнароднай фэдэрацыі па правах чалавека (FIDH) — рашуча асуджае крымінальны перасьлед Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча і паўторна заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць іх, а таксама ўсіх іншых праваабаронцаў у Беларусі, і зьняць зь іх усе абвінавачаньні.
Яна таксама заклікае міжнародную супольнасьць і дружалюбныя дзяржавы рашуча адрэагаваць акцыямі салідарнасьці, публічнымі заявамі і лістамі ў падтрымку праваабаронцаў ПЦ «Вясна», а таксама асабістай прысутнасьцю на судзе 5 студзеня 2023 году.
Рэпрэсіі супраць «Вясны» і яе сябраў — частка больш маштабных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Толькі ў 2021 годзе ўлады закрылі больш за 275 праваабарончых і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасьці, у выніку чаго ў краіне не засталося ніводнай незалежнай НДА. У сьнежні 2021 году ўлады зноў увялі крымінальную адказнасьць за працу зь незарэгістраванымі ці ліквідаванымі арганізацыямі. Гэта прывяло да фактычнай крыміналізацыі праваабарончай дзейнасьці ў Беларусі.