Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія «Віталюр» зьбіраецца здаць крамы ў арэнду свайму канкурэнту, сетцы «Санта Рытэйл»


У краме «Віталюр». Архіўнае фота
У краме «Віталюр». Архіўнае фота

Угода з «Санта Рытэйл» знаходзіцца ў «высокім статусе гатоўнасьці», паведаміў гендырэктар «Віталюра» Аляксандар Калесьнікаў.

Угода прадугледжвае продаж абсталяваньня і рэшткаў тавару. Завяршыць яе плянуюць да канца студзеня.

«Мэтай і ўмовай угоды зьяўляецца поўнае пагашэньне дэбіторскай запазычанасьці перад пастаўшчыкамі. На сёньняшні дзень мы маем высокі статус гатоўнасьці ўгоды, — заявіў „СБ. Беларусь сегодня“ гендырэктар „Віталюра“ Аляксандар Калесьнікаў. — Узгоднены ключавыя парамэтры, у тым ліку абʼём плошчаў, якія перадаюцца ў арэнду. Гэта 84 гандлёвыя абʼекты. Хачу падкрэсьліць, што мы не плянуем ніякіх рэарганізацыйных рухаў. У рамках бягучай угоды юрыдычныя асобы абʼектаў нерухомасьці, якія перадаюцца ў арэнду, застануцца ранейшымі. Ніякіх іншых субʼектаў гаспадараньня, каб пазьбегнуць патрабаваньняў па запазычанасьці, стварацца ня будзе. Тым больш не разглядаецца ніякіх пытаньняў, зьвязаных зь ліквідацыяй ці банкруцтвам».

Гендырэктар «Санта Рытэйл» Аляксандар Чуйко пацьвердзіў, што ўгода павінна адбыцца ў найкарацейшыя тэрміны. Яна прадугледжвае для пакрыцьця доўгу продаж абсталяваньня ўнутры гандлёвых абʼектаў. Паведамляецца, што гэта прыкладна дзьве траціны агульнага доўгу кампаніі. Чакаецца таксама продаж рэшткаў тавару.

Інфармацыю аб пераходзе гандлёвых плошчаў «Віталюр» на карысьць «Санты» пацьвердзілі выданьню Zerkalo таксама некалькі работнікаў гэтай сеткі.

Што такое «Віталюр»

Кампанія Аляксандра Яцука, названая ў гонар сыноў Віталя і Юрыя, якія працуюць разам з бацькам, налічвае амаль 100 гандлёвых абʼектаў у 14 гарадах Беларусі. У іх працуе каля 7 тысяч чалавек. Акрамя рытэйла, кампанія займае адно зь вядучых месцаў як імпартэр рыбы, а таксама садавіны і гародніны.

У апошнія гады «Віталюр» актыўна пашыраўся. У 2019–2020 гадах сетка адкрыла 30 новых гандлёвых абʼектаў і на 60% павялічыла таваразварот. У 2021-м плянавалася адкрыць яшчэ 10 крамаў, а таксама новую вытворчасьць па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў.

З 2020 года пэрыяд для інвэстыцый аказаўся не самым спрыяльным, адзначае Zerkalo. Па зьвестках «Нашай нівы», сетка выкупляла гандлёвыя плошчы ў раёне «Минск Мир». Але гандаль у гэтым раёне не прыносіць чаканай выгады.

Летась фінансавая сытуацыя палепшылася, гандлёвая сетка завяршыла мінулы год з чыстым прыбыткам у 4 млн рублёў пасьля 25 млн страт у 2020-м. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі па выніках 2021 года склала 978 млн рублёў.

Пры гэтым у кампаніі было шмат даўгоў: 158 млн кароткатэрміновых крэдытаў і пазык і амаль 30 млн — доўгатэрміновых. А кароткатэрміновая крэдыторская запазычанасьць, гэта значыць абавязаньні перад іншымі кампаніямі, на той момант складала 190 млн рублёў.

Кампанія выпусьціла два выпускі токенаў на крыптаплатформе банка «БелЗЭБ», разьлічваючы прыцягнуць да 2025 года тры мільёны даляраў і столькі ж мільёнаў эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG