Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь займае пятае месца ў сьвеце па колькасьці журналістаў за кратамі


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці зь беларускімі журналістамі, якія зазналі перасьлед на радзіме
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці зь беларускімі журналістамі, якія зазналі перасьлед на радзіме

Пра гэта сьведчаць новыя дадзеныя Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў (МФЖ).

Аналіз сытуацыі са свабодай слова і дзейнасьці журналістаў у сьвеце, зазначае прэс-служба арганізацыі, сьведчыць, што ў 2022 годзе палітычныя рэпрэсіі «паднялі сваю пачварную галаву ад Кітаю да Беларусі і ад Эгіпту да Ганконгу, Ірану, М’янмы, Турэччыны і Расеі ў спробе прымусіць замаўчаць СМІ і здушыць пратэсты за свабоду», піша BPN.

Паводле зьвестак МФЖ, журналісты сталі аднымі зь першых ахвяраў рэпрэсій — сама меней, 375 журналістаў і іншых работнікаў СМІ цяпер знаходзяцца за кратамі.

На чале сьпісу знаходзяцца Кітай і Ганконг — 84 журналісты-вязьні. У першую дзясятку таксама ўвайшлі Мʼянма (64 журналістаў за кратамі), Турэччына (51), Іран (34), Беларусь (33), Эгіпет (23), Расея (разам з акупаваным Крымам)(29), Савудаўская Арабія (11), Емэн (10) ) і Сырыя (9).

«Гэтыя лічбы выглядаюць змрочна і выклікаюць сурʼёзныя сумневы ў палітычнай волі ўрадаў супрацьдзейнічаць пагрозам свабодзе СМІ», — заявіў генэральны сакратар МФЖ Энтані Белланджэр. На яго думку, заявы многіх урадаў на міжнародных канфэрэнцыях аб абавязацельствах па выкананьні правоў чалавека і свабоды СМІ, «гучаць пустымі словамі для тых, хто стамляецца ў турмах безь якіх-небудзь абвінавачаньняў ці законных падстаў для іх арышту».

МФЖ таксама паведаміла, што ў 2022 годзе ў сьвеце пры выкананьні службовых абавязкаў было забіта 67 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ (у мінулым годзе — 47), у тым ліку на вайне ва Ўкраіне — 12.

Генсакратар Фэдэрацыі заклікае ўрадаў ва ўсім сьвеце прыняць меры па абароне журналістыкі, і адзначае, што Генэральнай асамблеі ААН час прыняць Канвэнцыю МФЖ аб бясьпецы і незалежнасьці журналістаў.

1 сьнежня намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі на другім Форуме свабоднай журналістыкі ў Вільні заявіў, што сытуацыя са свабодай і выказваньнем меркаваньня ў Беларусі застаецца адной з найгоршых у Эўропе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG