Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшлі на волю ўсе палітвязьні, асуджаныя у «справе студэнтаў», апрача адной

абноўлена

Асуджаныя ў «справе студэнтаў»
Асуджаныя ў «справе студэнтаў»

За кратамі застаецца Тацяна Якельчык, студэнтка мэхмату БДУ, яна мае выйсьці на волю праз два тыдні, яе арыштавалі пазьней за іншых.

Грамадзкія актывісты, выкладчыкі і студэнты выйшлі на волю пасьля турэмных тэрмінаў у палітычна матываванай справе за пратэсты ва ўнівэрсытэцкім асяродзьдзі.

Пра выхад Аланы Гебрэмарыям, Вольгі Філатчанкавай і некалькіх студэнтаў паведаміла Свабодзе адна з арганізацыяў беларускіх студэнтаў у Чэхіі.

Блізкія Вольгі Філатчанкавай паведамілі Свабодзе, што выйшлі на волю ўсе дзяўчаты і Ільля Трахтэнберг.

Такім чынам на волі асуджаныя ў «справе студэнтаў»:

  • Марыя Каленік, студэнтка БДАМ;
  • Ксенія Сырамалот, студэнтка БДУ;
  • Кася Будзько, студэнтка БДПУ;
  • Глеб Фіцнер, студэнт МДЛУ;
  • Ільля Трахтэнберг, студэнт БДУ;
  • Вікторыя Гранкоўская, студэнтка БНТУ;
  • Анастасія Булыбенка, студэнтка БНТУ;
  • Яна Арабейка, студэнтка БДПУ;
  • Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІР;
  • Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў;
  • Белсат паведаміў, што таксама выйшаў на волю Ягор Канецкі, студэнт БДУ.

Тацяна Якельчык, студэнтка мэхмату БДУ, выйдзе на волю праз два тыдні, бо яе арыштавалі пазьней за іншых.

Першы асуджаны ў справе Глеб Фіцнер выйшаў на волю ў канцы траўня. Ён адзіны, хто прызнаў сваю віну на судзе.

16 ліпеня 2021 году судзьдзя суду Савецкага раёну Менску Марына Фёдарава агучыла выракі ў «справе студэнтаў». Усім фігурантам справы яна прысудзіла па 2,5 года зьняволеньня, Фіцнер атрымаў 2 гады.

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»

Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.

Тацяна Якельчык

Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.

Ягор Канецкі

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.

Яна Арабейка

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.

Кася Будзько

Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Ільля Трахтэнберг

Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.

Вольга Філатчанкава

Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG