Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стварыць станоўчы вобраз чэкіста» за 2500 рублёў. Ліцэй БДУ запускае сумесны з КДБ конкурс


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску

Ліцэй Белдзяржунівэрсытэту сумесна з афіцэрскім сходам КДБ праводзіць культурна-патрыятычны конкурс «Першыя сярод роўных».

Гэта — першы сумесны з КДБ праект цывільнай навучальнай установы ў найноўшай гісторыі Беларусі.

У палажэньні пра конкурс сярод яго мэтаў, у прыватнасьці, называюцца:

  • «Папулярызацыя гістарычнай спадчыны выбітнага ўраджэнца беларускай зямлі, заснавальніка ВЧК-КДБ Ф. Э. Дзяржынскага сродкамі графічных раманаў (коміксаў) — асаблівага жанру мастацтва, які прадстаўляе сабой сінтэз літаратуры і графікі, у якім сюжэт твору перадаецца праз малюнак»,
  • «Стварэньне сучасных літаратурных, музычных і харэаграфічных твораў, у якіх на высокім мастацкім узроўні створаны станоўчы вобраз супрацоўніка органаў дзяржаўнай бясьпекі, найбольш аб’ектыўна адлюстравана дзейнасьць КДБ Рэспублікі Беларусь»;
  • «Распрацоўка з выкарыстаньнем IT-тэхналёгій праграмных прадуктаў, спрыяльных разьвіцьцю цікавасьці да прафэсіі супрацоўніка органаў дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь».

Удзельнікам конкурсу на станоўчы вобраз Дзяржынскага прапануецца «... праз комікс прадэманстраваць выдатную ролю Ф.Э. Дзяржынскага як заснавальніка спэцслужбы, выказаць самыя яркія моманты яго жыцьця, цытаты і абудзіць цікавасьць да далейшага вывучэньня ягонай гістарычнай спадчыны».

Паведамляцца, што прыз у кожнай намінацыі — 2500 рублёў. Узнагароджаньне пераможцаў заплянавана на 20 сьнежня 2022 года — «падчас урачыстых мерапрыемстваў, прысьвечаных 105-годдзю органаў
дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь».

  • Фэлікс Дзяржынскі (1877 — 1918) — адзін з заснавальнікаў і першы кіраўнік «Усерасейскай надзвычайнай камісіяй па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам» (рас. ВЧК, адсюль слова «чэкіст»), якая фактычна чыніла тэрор спачатку супраць палітычных апанэнтаў бальшавікоў, а затым і самых шырокіх народных масаў. Цягам свайго існаваньня спэцслужба мяняла назовы (у расейскамоўным варыянце — ГПУ, НКВД, МГБ, КГБ), аднак яе функцыі заставаліся нязьменнымі: задушэньне іншадумства і рэпрэсіі супраць праціўнікаў улады.
  • У Беларусі рукамі чэкістаў у 1930-я гады была зьнішчаная інтэлектуальная эліта нацыі; дзясяткі тысяч людзей былі расстраляныя ў Курапатах і ў іншых месцах.
  • Беларусь — адзіная краіна з былых савецкіх рэспублік, у якой КДБ захаваў свой ранейшы, «савецкі» назоў.
  • Сёньня супрацоўнікі КДБ Беларусі, нароўні з іншымі сілавікамі, чыняць палітычныя рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і праціўнікаў расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG