Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі папрасілі дэмантаваць бюст Дзяржынскага насупраць КДБ. Улады адмовілі: гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць


Бюст Фэлікса Дзяржынскага ў Менску
Бюст Фэлікса Дзяржынскага ў Менску

Улады адмовілі жыхарам сталіцы ў іх просьбе дэмантаваць бюст дзеячу карных органаў бальшавіцкай улады.

У пэтыцыі, якая зьявілася на плятформе petitionsby.win, грамадзяне патрабавалі зносу бюста Фэлікса Дзяржынскага. Яны матывавалі гэта крывавай палітыкай бальшавікоў.

«Дзяржынскі — чужы для нашай краіны элемэнт, які праліў кроў многіх грамадзян нашай краіны, помнік яму ня можа стаяць на адной з цэнтральных вуліц сталіцы нашай Беларусі. Таксама ён кіраваў Усерасейскай надзвычайнай камісіяй (рас. ВЧК) — сумна вядомай арганізацыяй, адказнай за палітычныя рэпрэсіі ў краіне», — пісалі аўтары пэтыцыі.

25 траўня на пэтыцыю прыйшоў афіцыйны адказ зь Менскага выканаўчага камітэту.

«Помнік — бюст Дзяржынскаму зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. У адпаведнасьці з артыкулам 104 кодэксу РБ аб культуры зьнішчэньне і прычыненьне шкоды матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці забараняецца».

Подпіс пад дакумэнтам пакінуў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран.

Разам з тым у Беларусі рэгулярна зносяць гістарычныя будынкі, якія празь нядбайнасьць мясцовых уладаў нярэдка не трапляюць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Напрыклад, 21 траўня стала вядома пра знос у Амсьціславе мураванай сынагогі пачатку ХХ стагодзьдзя. У сьпісе сынагога адсутнічала, але магла ахоўвацца праектам зонаў аховы гістарычнага цэнтру.

Імем Фэлікса Дзяржынскага ў сучаснай Беларусі названыя вуліцы ва ўсіх абласьцях краіны, таксама яму стаяць бюсты і помнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG