Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чакалі майстра па рамонце, прыйшоў КДБ». Што вядома пра Станіслава Кузьміцкага, якога пакаралі 15 гадамі калёніі за адміністраваньне чатаў


«Ён усё жыцьцё шмат працаваў, стараўся ўсім дапамагаць. Ён разумны і мэтанакіраваны». Так кажа пра свайго брата Вячаслаў Кузьміцкі. Ягоны брат Станіслаў нядаўна атрымаў 15 гадоў пазбаўленьня волі за тое, што адміністраваў тэлеграм-чаты. Свабода даведалася, хто такі Станіслаў Кузьміцкі.

Паляваньне на адміністратараў тэлеграм-чатаў беларуская міліцыя пачала яшчэ ў 2020 годзе. Ім прызначалі пакараньне па 3–6 гадоў пазбаўленьня волі. Нядаўна жыхара Менску асудзілі за адміністраваньне чатаў на 15 гадоў калёніі. Свабода даведалася, што гэта за чалавек.

У чым абвінавацілі прадпрымальніка зь Менску?

36-гадовы прадпрымальнік зь Менску Станіслаў Кузьміцкі быў затрыманы ў сьнежні 2021 году. Пазьней яго ўнесьлі ў сьпіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». Менскі гарадзкі суд пакараў Станіслава 15 гадамі пазбаўленьня волі.

Яго абвінавачвалі па шасьці артыкулах Крымінальнага кодэксу:

— ч. 1 арт. 293 — масавыя беспарадкі;
— ч. 1 арт. 290-4 — стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй;
— ч. 1 арт. 361-1 — стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім;
— ч. 1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
— ч. 3 арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
— ч. 3 арт. 130 — распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», Кузьміцкі, «маючы перакручаныя каштоўнасьці і ілжывае разуменьне слова «патрыятызм», мэтанакіравана ўступіў у тэрарыстычную арганізацыю і ўзначаліў асобныя рэсурсы сеткі «...97». Ён адміністраваў больш за 30 чатаў.

«Абвінавачаны фармаваў склад экстрэмісцкіх супольнасьцяў, разьмяркоўваў ролі і арганізоўваў удзел іх сяброў у акцыях пратэсту. Акрамя гэтага, ён прымаў меры па згуртаваньні і павелічэньні колькасьці супольнасьцяў: маральна падтрымліваў іх у гутарках прыватнага характару, арганізоўваў правядзеньне сумеснага вольнага часу, распаўсюджваньне агітацыйнай прадукцыі, нанясеньне малюнкаў і надпісаў экстрэмісцкага характару на фасады будынкаў».

«Ён сам стварыў фірму з нуля, шмат працаваў, усім дапамагаў»

У сям’і, дзе выхоўваўся Станіслаў, пяць дзяцей. Аказалася, што яшчэ адзін ягоны брат адбывае пакараньне на «хіміі», таксама па палітычным артыкуле. У Станіслава была свая фірма па абслугоўваньні сыстэм відэаназіраньня і кантролю доступу. На волі яго чакаюць жонка, маці, браты і сястра.

«Наша маці адна гадавала пяцёра дзяцей. Станіслаў — мой старэйшы брат. Ён разумеў, што маці цяжка, стараўся ёй дапамагчы. Таму пасьля дзявятай клясы пайшоў вучыцца ў каледж у Маладэчна. Мы жылі ў Радашкавічах, раней — у Казахстане. Для мяне ён найлепшы старэйшы брат, ён заўсёды быў і ёсьць для мяне прыкладам і гонарам. Я яго люблю і паважаю. Ён рана выехаў з дому, каб вучыцца, і яшчэ мог і маці дапамагаць. Працаваў усё жыцьцё на дзьвюх працах, сваю фірму зрабіў сам з нуля. Ён разумны і мэтанакіраваны», — расказаў брат асуджанага Вячаслаў.

Ён кажа, што да 2020 году Станіслаў ня ўдзельнічаў ані ў якіх пратэстах ці палітычнай дзейнасьці.

«Уладу ён асуджаў, але актыўнасьці аніякай не праводзіў. Яго затрымалі ў сьнежні 2021 году. Яны з жонкай чакалі майстра па рамонце бытавой тэхнікі, але прыйшоў КДБ», — кажа брат.

Два тыдні, па ягоных словах, сям’я ня мела ніякай інфармацыі пра Станіслава, хоць яго і шукалі ўсюды.

«Мы ўсюды пісалі, тэлефанавалі, шукалі яго. Нас усе проста „пасылалі“. Праз два тыдні мы атрымалі ад яго ліст, што ён у СІЗА КДБ. Пасьля яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага, дзе ён сядзіць і сёньня», — кажа Вячаслаў.

Ён лічыць, што брату далі вялізарны тэрмін таму, што «прыплялі» тэрарыстычную дзейнасьць.

«Я ня ведаю — ці сапраўды ён быў адміністратарам чатаў. Але на той момант, у якім яго абвінавачваюць, тыя чаты не былі экстрэмісцкімі, тым больш — тэрарыстычнымі. Што зь ім, за што менавіта судзілі і як? Мы ня ведаем. Суд быў закрыты. Адвакаты нічога ня кажуць. У лістах ён ня можа напісаць праўду», — дадаў брат.

Як раней судзілі адміністратараў тэлеграм-чатаў?

Нямала людзей трапілі пад крымінальны перасьлед за адміністраваньне тэлеграм-чатаў. У траўні 2021 году адміністратар тэлеграм-чату «Минск. Перекрытие дорог. Чат» Дзьмітрый Сінкевіч атрымаў два гады калёніі.

За адміністраваньне чату «Армия с народом» Сяргей Коршун атрымаў 4 з паловай гады пазбаўленьня волі.

Беларуску Яну Пінчук затрымалі ў Санкт-Пецярбургу на запыт беларускіх міліцыянтаў за адміністраваньне тэлеграм-чатаў. Яе перадалі беларускім уладам. Яне пагражае да 19 гадоў пазбаўленьня волі, бо абвінавацілі яе ў «паклёпе», «незаконных дзеяньнях з пэрсанальнымі дадзенымі», «распальваньні варожасьці», «стварэньні і кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем», «закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі».

Раней меркавалася, што некаторым адміністратарам, імаверна, удалося пазьбегнуць крымінальнага перасьледу. Напрыклад, у лютым 2022 году супрацоўніца БТ Ксенія Лебедзева выпусьціла сюжэт — гутарку з адміністратаркай розных чатаў з прыстаўкай «97%» (прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі. — РС) Тацянай Курылінай.

Прапагандыстка Лебедзева сьцьвярджала, што Тацяна — адна з тых, хто пасьля выезду за мяжу вырашыў «перагледзець свае погляды і вярнуцца ў Беларусь», «загладзіць віну» і выступіць па БТ. У сюжэце жыхарка Гомля расказала пра супрацоўніцтва са Сьцяпанам Пуцілам (Nexta, супольнасьць сацыяльных сетак якога прызнаная «тэрарыстычнай арганізацыяй». — РС). Тацяна казала, што чаты «97%» цяпер «бессэнсоўныя» і што яна, «безумоўна, стамілася».

Знаёмыя Тацяны, якія цяпер жывуць у Польшчы, былі зьдзіўленыя, калі ўбачылі яе прызнаньні на беларускай тэлевізіі. Яны выстаўляюць шэраг вэрсій, чаму Тацяна вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Сярод іх — любоўная гісторыя, хвароба, немагчымасьць знайсьці сябе ў Польшчы, праблемы з легалізацыяй. Пазьней знаёмыя Тацяны паведамілі Свабодзе, што, праўдападобна, яе выманілі прыехаць у Беларусь, і цяпер яна цяпер знаходзіцца ў СІЗА. Праверыць гэтую інфармацыю пакуль няма магчымасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG