Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даносы былі і ёсьць, але цяпер гэта татальная зьява». Чаму на выставе ў Менску мастакам прапанавалі зьмяніць прозьвішчы


Палац мастацтва ў Менску. Архіўнае фота
Палац мастацтва ў Менску. Архіўнае фота

10 лістапада ў менскім Палацы мастацтва адкрылася выстава «ДЭКАРТ-22». Крыніца Свабоды паведамляе, што адтуль хочуць зьняць творы «палітычна нядобранадзейных» аўтараў.

Выставачны праект V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюзу мастакоў «ДЭКАРТ-22» мае працягнуцца да 9 сьнежня, у экспазыцыі можна ўбачыць творы з тэкстылю, керамікі і шкла. Аднак неўзабаве пасьля адкрыцьця ў некаторых аўтараў узьніклі праблемы.

Афіша выставы ў Палацы мастацтва
Афіша выставы ў Палацы мастацтва

«Саюз мастакоў спрабаваў уратаваць сытуацыю»

«Зьверху паступіў сыгнал, што большасьць аўтараў палітычна нядобранадзейныя: падпісалі ў 2020-м адкрыты ліст супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту, у некаторых сваякі цяпер у калёніі па палітычных артыкулах, у большасьці ў Instagram і Facebook былі пратэставыя пасты, якія цяпер выдаленыя», — паведаміла Свабодзе крыніца, абазнаная з сытуацыяй.

Паводле суразмоўцы, да панядзелка 14 лістапада выстава мусіла працаваць у поўным аб’ёме.

«За гэты час Саюз мастакоў спрабаваў максымальна ўратаваць экспазыцыю: мусіў пераконваць „мастацтвазнаўцаў“ зь сілавых структур і Міністэрства культуры, што калі прыбраць частку работ, то экспазыцыя страціць цэласнасьць, і што ўсе аўтары абсалютна ідэалягічна бясшкодныя. Пакуль некаторым мастакам было рэкамэндавана зьмяніць свае прозьвішчы на подпісах пад творамі», — кажа суразмоўца.

Крыніца таксама сьцьвярджае, што частку твораў зьнялі з выставы яшчэ да афіцыйнага адкрыцьця.

«Некаторыя аўтары самастойна прыбралі свае прозьвішчы на таблічках або замянілі іх на псэўданімы, — кажа суразмоўца. — Па рэкамэндацыі арганізатараў гэтаксама зрабілі яшчэ некалькі мастакоў».

«Даносчыкі зьявіліся ў розных гарадах»

Яшчэ адзін чалавек са сфэры мастацтва, які пажадаў застацца ананімным, расказаў Свабодзе, што цяпер адбываецца зь беларускім выяўленчым мастацтвам.

«Амаль няма дзе выстаўляцца, — кажа суразмоўца. — Няма ні „Корпусу“, ні „Галерэі Ў“, у Горадні зьнікла галерэя таксама, не працуе прастора „Кансэрва“ ў Берасьці. Няшмат хто з мастакоў пойдзе выстаўляцца на пляцоўку Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў, бо яна дзяржаўная. Некаторыя аўтары лічаць, што нельга супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі інстытуцыямі».

У Палац мастацтва таксама нялёгка трапіць праз так званыя «чорныя сьпісы», сьцьвярджае суразмоўца.

«Праблема і ў цэнзуры, канечне, — кажа крыніца. — З боку міністэрства, з боку „ябацькаўскіх“ актывістаў і актывістак. Калі ты трапляеш у „чорныя сьпісы“, ты ня маеш магчымасьці выстаўляцца, удзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах, арт-барахолках, арт-кірмашах. Гэта наогул вельмі складаная сытуацыя. Калі ты яшчэ працуеш выкладчыкам, то на цябе больш могуць ціснуць на працоўным месцы. Калі ты ў Саюзе мастакоў, то ёсьць іншы пункт ціску на цябе — майстэрня, гэта вельмі сур’ёзны рычаг. Таксама ў скульптараў ці манумэнталістаў дзяржаўныя замовы — крыніца заробку».

Даносы былі і ёсьць, кажа крыніца, але цяпер гэтая зьява мае татальны характар.

«Даносчыкі зьявіліся ў розных гарадах. Вось у Горадні ўжо знакамітая „істота“ ёсьць Бондарава (праўладная актывістка Вольга Бондарава. — РС), Сідаровіч (праўладная блогерка Тацяна Сідаровіч. — РС). Хапае тых, хто стаў вельмі актыўным наведвальнікам выставаў і „спэцыялістам“ па мастацтве. Гэта людзі неадукаваныя, але набылі такую моц, што зараз ні Саюз мастакоў зь імі ня можа змагацца, ні Саюз дызайнэраў, ні міністэрства. Ёсьць творцы, якія трапілі пад іх пільнае вока. „Актывісты“ сочаць за выставамі такіх аўтараў, нават калі тыя адбываюцца за мяжой».

Зьнішчэньне беларускага мастацтва адбываецца рукамі актывістаў-даносчыкаў, кажа крыніца.

Вольга Бондарава
Вольга Бондарава

«Міністэрства — структура акасьцянелая, ня хутка рухомая, таму „актывісты“ адыгрываюць ролю пільных цэнзараў, — сьцьвярджае суразмоўца. — Канечне, бачна, што зьнішчаецца ўсё, што можа дапамагчы нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ня ведаю, ці магчымая такая „аўтазамена“ на расейскіх творцаў. Я чуў, што перш за ўсё ў тэатральнай сфэры магчымыя замены. Напрыклад, запрасіць кіраўніка нейкага з Расеі, таксама ў сфэры кіно, бо яна залежная ад Расеі ў пляне капіталу. У выяўленчым мастацтве я ня бачыў такіх тэндэнцый».

Перш за ўсё адбываецца зараз замена мастацтва на «ідэалягічна правільнае», дадае крыніца.

«Гэта шэрая плынь такая, шэрае мастацтва, такі сумны „дзяржаўны праект“. Сытуацыя пагаршаецца і будзе пагаршацца, бо гэтым актывістам і актывісткам, якія зараз дарваліся да ўлады, ніхто не спрабуе адказаць, яны ўсё больш і больш „барзеюць“, ужо нават і пасадзілі некаторых людзей: тая ж Бондарава датычная да пасадкі мастака Алеся Пушкіна, Сідаровіч — да зьняцьця выставы Сяргея Грыневіча. Яны набываюць сваю моц і адчуваюць яе. На жаль, пакуль ніхто ня можа нічога супрацьпаставіць гэтаму ўсяму цемрашальству».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG