Праект закону «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства» прыняты ў першым і другім чытаньнях, паведаміла прэсавая служба Палаты прадстаўнікоў 10 лістапада.
Плянуецца вызваліць 4,5 тысячы асуджаных, але ня ўдзельнікаў пратэстаў.
Як паведамляе БелТА, сярод тых, каго плянуюць вызваліць паводле амністыі, 1600 чалавек (у тым ліку дзесяць непаўналетніх), якія цяпер у калёніях. Яшчэ 3950 асуджаным плянуюць скараціць тэрмін пакараньня на адзін год.
«Адна з асаблівасьцяў законапраекту — магчымасьць другога шанцу выключна для непаўналетніх паводле артыкулаў, зьвязаных з абарачэньнем наркотыкаў», — гаварыла ў этэры Беларускага радыё адна з аўтараў законапраекту Марына Лянчэўская з Палаты прадстаўнікоў.
6 верасьня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, на якой абвясьціў пра амністыю да новага сьвята — «дня народнага адзінства». Ён заявіў, што пад амністыю могуць трапіць і асобы, якія ўчынілі злачынствы «пратэставай накіраванасьці».
Як раней паведаміў намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч, прэзэнтуючы на папярэднім абмеркаваньні ў камісіі Палаты прадстаўнікоў законапраект аб амністыі, цалкам яна закране 8,5 тысячы чалавек.
«Згодна з папярэднімі разьлікамі, пры рэалізацыі закону плянуецца вызваліць каля 4,5 тысячы асуджаных, у тым ліку зь месцаў пазбаўленьня волі — 1600 (зь іх 10 непаўналетніх), з папраўчых установаў адкрытага тыпу („хіміі“) — 500, з крымінальна-выканаўчых інспэкцыяў — 2,5 тысячы, а таксама скараціць тэрмін на адзін год практычна 4 тысячам асуджаных», — заявіў ён.
10 лістапада на паседжаньні дзявятай сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага скліканьня дэпутаты прынялі законапраект «Аб амністыі» ў двух чытаньнях.
Каго закране амністыя
Каго закране чаканая амністыя, намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч паведаміў:
«У адпаведнасьці з артыкуламі 1, 2 праекту закону прадугледжваецца вызваленьне ад усіх відаў пакараньня і іншых мераў крымінальнай адказнасьці, ад дадатковых пакараньняў, а таксама спыненьне папярэдняга расьсьледаваньня ў крымінальных справах супраць пэўных катэгорый асобаў, якія ўчынілі злачынствы, якія не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі або менш цяжкія, пры ўмове, што іх злачынствы не ўваходзяць у пералік артыкулаў, на якія амністыя не распаўсюджваецца.
Пры гэтым прадугледжаныя наступныя катэгорыі асобаў: непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў, асобы пэнсійнага ўзросту, інваліды 1–2 групаў, хворыя на актыўную форму сухотаў, асобы, хворыя на анкалягічныя захворваньні, ВІЧ-інфікаваныя, вэтэраны баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў, грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварыяў, асобы, якія атрымалі раненьні, калецтвы, захворваньні пры выкананьні абавязку ў пэрыяд службы ва Ўзброеных сілах».
Праект закону «Аб амністыі» фактычна не закранае палітычных зьняволеных
Генэральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што асобы, якія ўчынілі злачынствы «экстрэмісцкай і тэрарыстычнай скіраванасьці», пад амністыю ня трапяць. Так, яна ня будзе тычыцца асуджаных паводле так званых «палітычных» артыкулаў.
- У прыватнасьці, гэта арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці»),
- 293 («Масавыя беспарадкі»),
- 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»),
- 368 (Абраза Аляксандра Лукашэнкі),
- 369 («Зьнявага прадстаўніка ўлады»).