Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вызваліць месцы пад новых палітвязьняў». Што ў законапраекце аб амністыі?


Абмеркаваньне праекту закону аб амністыі ў Лукашэнкі
Абмеркаваньне праекту закону аб амністыі ў Лукашэнкі

Палата прадстаўнікоў рыхтуецца прыняць закон аб амністыі ў гонар Дня народнага адзінства. Аднак амністыя фактычна ня тычыцца зьняволеных з палітычных прычынаў.

Хоць 17 верасьня, на якое ўлады прызначылі афіцыйнае сьвята «Дзень народнага адзінства», ужо прайшло, Лукашэнка накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб амністыі, прымеркаваны менавіта да гэтага дня. Пасьля абмеркаваньняў з палітычнымі партыямі і іншымі арганізацыямі закон могуць прыняць у двух чытаньнях.

Палітвязьняў не адпусьцяць

Але з прадстаўленага законапраекту відаць, што палітычных зьняволеных амністыя не закране. Яна ня будзе распаўсюджвацца на асуджаных паводле артыкулаў, якія праваабаронцы называюць «палітычнымі» — 130-га, 293-га, 342-га, 364-га, 368-га, 369-га, 391-га і шэрагу іншых.

Гэта значыць, што пераважная большасьць палітвязьняў ня выйдзе на волю найбліжэйшым часам.

Хто трапляе пад амністыю паводле законапраекту?

Пад амністыю трапяць зьняволеныя паводле іншых артыкулаў, калі яны:

  • непаўналетнія;
  • цяжарныя жанчыны;
  • жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў, за выключэньнем тых, хто зрабіў злачынства ў дачыненьні да непаўналетніх;
  • асобы, якія дасягнулі агульнавызначанага пэнсійнага ўзросту;
  • людзі з інваліднасьцю I і II групы; асобы, хворыя на актыўную форму сухотаў і аднесеныя да I, II, V «А», V «Б» групаў дыспансэрнага ўліку; асобы, хворыя на анкалягічныя захворваньні другой, трэцяй, чацьвёртай клінічных груп; ВІЧ-інфікаваныя з 3-й і 4-й стадыямі захворваньня паводле клінічнай клясыфікацыі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя;
  • вэтэраны баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаў;
  • грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый;
  • асобы, якія атрымалі раненьні (кантузіі), калецтвы, захворваньні пры выкананьні абавязкаў у пэрыяд вайсковай службы ў Савецкай арміі і Вайскова-марскім флёце, памежных, унутраных, чыгуначных войсках і іншых вайсковых фармаваньнях былога СССР, Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і вайсковых фармаваньняў , створаных у адпаведнасьці з заканадаўствам, а таксама асоб, якія атрымалі раненьні (кантузіі), калецтвы, захворваньні ў сувязі з ажыцьцяўленьнем службовай дзейнасьці ў пэрыяд праходжаньня службы ў Сьледчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспэртыз, органах унутраных спраў, фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, пракуратуры, органах і падразьдзяленьнях па надзвычайных сытуацыях.

Вышэйзгаданыя катэгорыі асоб вызваляць ад крымінальнай адказнасьці і спыняць папярэдняе расьсьледаваньне аб злачынствах, учыненых гэтымі асобамі да набыцьця гэтым законам моцы.

Таксама пад амністыю падпадуць:

  • людзі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня;
  • людзі з умоўным непрымяненьнем пакараньня.

Акрамя таго, вызваляць ад пакараньня асоб, што ўчынілі злачынствы, якія не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі і якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх (наўмысныя злачынствы і злачынствы, учыненыя па неасьцярожнасьці, за якія законам прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ня больш за 2 гады або іншае больш мяккае пакараньне і наўмысныя злачынствы, за якія законам прадугледжана максымальнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ня больш за 6 гадоў, а таксама злачынствы, учыненыя па неасьцярожнасьці, за якія законам прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін звыш 2 гадоў), якім прызначана пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі і пазбаўленьня волі.

Да каго яшчэ не прыменяць амністыі?

Акрамя палітвязьняў, на амністыю ня змогуць разьлічваць людзі, да якіх ужо прымянялася амністыя раней; асуджаныя на сьмяротнае пакараньне; небясьпечныя рэцыдывісты; бацькі, якія маюць праблемы з алімэнтамі, і іншыя катэгорыі.

На выкананьне закону аб амністыі адводзіцца паўгода.

Зікрацкі: рэжым вырашыў вызваліць месцы для палітвязьняў

Вядомы адвакат Сяргей Зікрацкі, які пасьля рэпрэсій вымушаны быў выехаць зь Беларусі, у фэйсбуку пракамэнтаваў законапраект.

«Мяркуючы па апублікаваным праекце закону аб амністыі, з двух варыянтаў — вызваліць палітвязьняў ці вызваліць месцы для палітвязьняў — рэжым выбраў другі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG