Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялягічных навук Алег Давыдзенка і яго жонка Натальля — у турме на Акрэсьціна. На іх завялі крымінальную справу, вінавацячы ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушылі грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх» (арт. 342 КК).
Нагодай для перасьледу стала фота, на якім Давыдзенкі стаяць з плякатам падчас пратэстаў 2020 году.
Пачынаючы прыкладна з 26 кастрычніка, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі правёў масавыя затрыманьні ў Нацыянальнай акадэміі навук. Забралі прынамсі 44 супрацоўнікі. Пазьней стала вядома, што 41 зь іх адпусьцілі. Аднак затым «Нашай ніве» стала вядома, што затрыманьні працягваюцца, сярод арыштаваных член-карэспандэнт НАН Беларусі Алег Давыдзенка.
Фармальна затрыманьне адбылося а 7-й гадзіне раніцы 2 лістапада, на Дзяды. Затрыманая і жонка навукоўца, Натальля.
«Да мяне прыйшла інфармацыя, што іх забралі за пратэсты 2020 году. Алег Георгіевіч вельмі прынцыповы чалавек. Магчыма, у ягоным тэлефоне знайшлі фота. Акрамя таго, у 2020-м ён падпісваў ліст вучоных супраць гвалту ў краіне пасьля выбараў і выйшаў з афіцыйнага прафсаюзу. І наагул ён вельмі просталінейны і „нязручны“ для пэўных асобаў чалавек», — адзначае адзін з калегаў Алега Давыдзенкі.
Паводле яго, 4 лістапада дзяржаўны адвакат зьвярнуўся па характарыстыку зь месца працы на свайго падабароннага.
Алегу Давыдзенку 71 год. Яго навуковая, працоўная дзейнасьць зьвязаная з Інстытутам генэтыкі і цыталёгіі Акадэміі навук Беларусі. У 1990 годзе ён абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Цытаплязматычная зьменлівасьць сельскагаспадарчых расьлін». У 2000 годзе абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі.
Давыдзенка — аўтар 300 навуковых працаў, у тым ліку 5 манаграфіяў, 1 падручніка, вывеў 19 гатункаў расьлін. Двойчы ўганараваны прэміяй Нацыянальнай акадэміі.
Акрамя таго, Давыдзенка дасьледаваў геном карэннага насельніцтва Беларусі, ягоная выснова — беларусы генэтычна не славянамоўныя балты, а славяне. Адной з высноваў дасьледаваньня стала і тое, што ў генэтычных адносінах беларусы — адна з самых маналітных папуляцыяў у Эўропе.