2 лістапада ў Міжнародны дзень спыненьня беспакаранасьці за злачынствы супраць журналістаў амбасада Нямеччыны ў Менску адправіла лісты зьняволеным журналістам Свабоды Андрэю Кузьнечыку і Ігару Лосіку.
Лісты паслалі па пошце, аднак у амбасадзе разумеюць, што праз праблемы з дастаўкай лістоў да палітзьняволеных капэрты могуць ня трапіць да Лосіка і Кузьнечыка, таму даслалі копіі лістоў у рэдакцыю Свабоды.
Ліст падпісаў кіраўнік аддзелу прэсы ад імя амбасады Нямеччыны ў Менску Крысьціян Зіпман.
«Цяпер, у 2022 годзе, у гэты Міжнародны дзень спыненьня беспакаранасьці за злачынствы супраць журналістаў, я зычу Вам, Вашым блізкім сябрам і калегам здароўя і сіл. Адсутнасьць Вашага журналісцкага голасу з болем адчуваецца ў беларускай грамадзкасьці. Сёньня мы асабліва думаем пра Вас. Вы, Вашы блізкія або калегі можаце зьвярнуцца да нас, у амбасаду Нямеччыны ў Менску, калі ў Вас ёсьць такое пажаданьне».
Крымінальны перасьлед Лосіка і Кузьнечыка
На журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
14 сьнежня 2021 Ігару прысудзілі 15 галоў зьняволеньня.
Жонку палітвязьня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі 18 кастрычніка, яе абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году.
8 чэрвеня журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361–1 КК). Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыю Кузьнечыка і пакінуў прысуд бязь зьменаў.
Варта адзначыць, што кантэнт Радыё Свабода быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.