Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У крымінальнай справе затрымалі жонку палітвязьня Ігара Лосіка Дар’ю. Прэзыдэнт Радыё Свабода патрабуе яе вызваленьня


Дар’я Лосік
Дар’я Лосік

Малалетняя дачка Дар’і і Ігара Лосікаў цяпер заходзіцца ў бабулі і дзядулі.

Як стала вядома Свабодзе, у Баранавічах а палове на восьмую ранку сілавікі прыйшлі зь ператрусам да Дар’і Лосік, жонкі палітвязьня і кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка. Сама Дар’я з дачкой яшчэ спала.

Дар’і далі патэлефанаваць бацькам, ейная маці хутка прыехала на месца, але яе нават не пусьцілі ў кватэру, толькі потым аддалі паперку пра тое, што быў праведзены ператрус. Падчас ператрусу ў кватэры, апроч сілавікоў і панятых, былі толькі сама Дар’я і яе маленькая дачка Паўліна.

Свабодзе стала вядома, што Дар’ю «затрымалі на трое сутак у рамках крымінальнай справы, цяпер яе павезьлі ў Берасьце». Паводле якога канкрэтна артыкулу яна абвінавачваецца, пакуль невядома. Увечары бацькі затрыманай плянуюць сустрэцца з адвакатам, каб даведацца больш падрабязнасьцяў справы.

Паўліна, малалетняя дачка Ігара і Дар’і Лосікаў, пакуль што знаходзіцца ў бабулі зь дзядулем, бацькоў Дар’і.

Тэлеграм-каналы сілавікоў напісалі, што Дар’ю затрымалі за тое, што яна нібыта «садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасьці», прэтэнзіі да Дар’і ўзьніклі за яе інтэрвію тэлеканалу «Белсат», які ўлады назвалі экстрэмісцкім.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай выступіў з заявай пра затрыманьне Дар'і Лосік:

«Дарʼя Лосік ні ў чым не вінаватая, апроч як у абароне свайго несправядліва зьняволенага мужа Ігара Лосіка. Яе павінны, не марудзячы, адпусьціць, каб даглядала сваю дачку Паўліну. Сямʼя Лосікаў дастаткова нацярпелася».

Журналіст Свабоды Ігар Лосік за кратамі больш за два гады — з 25 чэрвеня 2020 году. У сьнежні 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязьня перавялі ў Наваполацак, на месца пастаяннага зьняволеньня.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG