Украінскі гурт «Бацькоўскі камітэт» і музыка Ўладзімір Някрасаў прэзэнтавалі новую песьню, напісаную на верш беларускага паэта Алеся Плоткі і прысьвечаную беларускім і ўкраінскім абаронцам Украіны.
На аўдыёзапіс накладзена відэа, зьнятае ў Кіеве на вуліцы Беларускай, дзе ў 2015 годзе была адкрыта памятная дошка дзеля ўшанаваньня беларусаў, якія загінулі на Данбасе. Песьня называецца «На вуліцы Жызьнеўскага».
На вуліцы Жызьнеўскага
Заўжды цяпер вясна.
Ні добрага, ні кепскага,
А проста час настаў.
Вуліца травеньскіх песень,
Вуліца студзеньскіх сноў,
Вуліцы ў горадзе цесна,
Выходзіць яна зь берагоў.
Бяжыць, пятляе вуліца
Да гарызонтаў новых
Ад Гомеля да Кіева,
Ад Воршы да Азова.
Бяз словаў лішніх, патасных,
Бяз дошкі ганаровай
Ад Гомеля да Кіева,
Ад Воршы да Азова!
На вуліцы Жызьнеўскага
Заўжды цяпер спакой,
Адвечнае, палескае,
Ты дома, дзе ты свой.
Вуліца ліпеньскіх мараў,
Вуліца жнівеньскіх зор,
Вечна-нябёсныя фарбы,
Вечны анёлкавы хор.
Міхал Жызьнеўскі — ураджэнец Гомля, Герой Украіны, адна зь першых ахвяраў Эўрамайдану 2014 году разам з украінскім армянінам Сяргеем Нігаянам.
Ва ўкраінскай сталіцы вуліцы імя Міхася Жызьнеўскага няма. У 2016 годзе ў Оўручы Жытомірскай вобласьці на ягонае імя перайменавалі вуліцу Германа Цітова, а сёлета ў чэрвені — вуліцу Менскую ў горадзе Наваградзе-Валынскім Жытомірскай вобласьці.