Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат Польшчы прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні рэжыму ў Расеі тэрарыстычным


Польскі парлямэнт, архіўнае фота
Польскі парлямэнт, архіўнае фота

Сэнат Польшчы 26 кастрычніка прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні рэжыму ў Расеі тэрарыстычным. У дакумэнце таксама зьмяшчаецца заклік да міжнароднай супольнасьці падтрымаць Міжнародны крымінальны суд, які расьсьледуе датычнасьць канкрэтных асоб да зьдзяйсьненьня злачынстваў ва Ўкраіне.

Як адзначаюць польскія СМІ, усе прысутныя сэнатары прагаласавалі за рэзалюцыю аб прызнаньні ўлады РФ тэрарыстычным рэжымам.

Сэнат у рэзалюцыі падкрэсьліў, што 24 лютага 2022 году ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі разьвязалі «жорсткую вайну з Украінай».

«Яе мэта — сьцерці з карты сувэрэнную краіну і зьнішчыць украінскую нацыю», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.

У рэзалюцыі таксама сказана, што «Гераічная абарона незалежнасьці грамадзянамі Ўкраіны выклікала захапленьне ўсяго свабоднага сьвету»

«Украіна — самае важнае месца сёньня, якое абараняе дэмакратыю і свабоду. Расейскія акупанты тэрарызуюць жыхароў украінскіх гарадоў, бамбуюць грамадзянскія аб’екты: дзіцячыя сады, школы, тэатры і жылыя масівы. Бандыты ў расейскай форме катуюць і забіваюць ваеннапалонных і мірных жыхароў на акупаваных тэрыторыях. Выкрадаюць украінскіх дзяцей, каб выхаваць зь іх янычараў рэжыму. Яны дэпартуюць, перасяляюць і адпраўляюць грамадзян Украіны на далёкую пэрыфэрыю Расеі», — гаворыцца ў прынятай польскім сэнатам рэзалюцыі.

Раней парлямэнты Эстоніі і Латвіі прызналі Расею «дзяржавай — спонсарам тэрарызму». А Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы па выніках тэрміновых дэбатаў па тэме «Новае абвастрэньне агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны» прыняла рэзалюцыю, у якой абвясьціла рэжым РФ тэрарыстычным.

Украіна заклікае краіны сьвету прызнаць Расею тэрарыстычнай дзяржавай. У адміністрацыі ЗША заяўлялі, што не гатовыя падтрымаць прызнаньне Расеі спонсарам тэрарызму, паколькі Белы дом лічыць, што такое прызнаньне цалкам спыніць магчымасьці супрацоўніцтва з Расеяй у крытычных галінах. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон таксама выказаўся супраць гэтага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG