У дакумэнце гаворыцца аб безумоўным асуджэньні як самога факту нападу на Ўкраіну, так і ключавых яго падзей — удараў па цывільных аб’ектах, гібелі мірных жыхароў і анэксіі тэрыторый пасьля так званых рэфэрэндумаў у сэпаратысцкіх рэспубліках і на акупаваных тэрыторыях. У дакумэнце таксама зьмяшчаецца патрабаваньне выключыць Расею з Рады Бясьпекі ААН.
«Пуцінскі рэжым, які пагражае ядзернай зброяй, зрабіў Расею самай вялікай пагрозай як у Эўропе, так і ва ўсім сьвеце», — сказана ў рэзалюцыі. У ёй таксама гаворыцца аб неабходнасьці «даць сумесны адпор» і зьмяшчаецца заклік да міжнароднай супольнасьці прымаць аналягічныя дэклярацыі.
У той жа час некалькі паправак да выніковага дакумэнту эстонскага парлямэнту былі адхіленыя — сярод іх заклік да краін NATO і ЭЗ аб неадкладным адкліканьні з Масквы сваіх паслоў і закрыцьцё ўсіх дыпляматычных прадстаўніцтваў, заклік не дазваляць расейцам атрымліваць прытулак у краінах ЭЗ, а таксама заклік да эстонскага ўраду цалкам закрыць межы з Расеяй і выйсьці з усіх памежных пагадненьняў.
Раней аналягічную рэзалюцыю прыняў парлямэнт Латвіі.