24 кастрычніка стала вядома пра затрыманьне дырэктара кампаніі Astronim Багдана Караўца, прычыны затрыманьня невядомыя. Гэтая кампанія ўзьнікла яшчэ ў 2000 годзе, займаецца распрацоўкай сайтаў пад розныя задачы і комплекснымі інтэрнэт-рашэньнямі: кансалтынг, маркетынг, праграмаваньне, дызайн і рэкляма ў інтэрнэце.
25 кастрычніка блізкі да ГУБАЗіК тэлеграм-канал выклаў відэа, на якім Каравец гаворыць, што затрыманы за ўдзел у пратэстных маршах 2020 году.
У кейсе кампаніі больш за 1000 розных праектаў. Адзін зь іх — распрацоўка сайту ды іншых прадуктаў для банку БелВЭБ.
Глядзім, каго яшчэ зь бізнэсоўцаў арыштоўвалі ў Беларусі за апошні год і ў якія кампаніі прыходзілі зь ператрусам.
Банк БелВЭБ
У сакавіку гэтага году сілавікі затрымалі кіраўніка банку БелВЭБ Васіля Мацюшэўскага, а таксама некалькі ягоных намесьнікаў. Аднак хутка Мацюшэўскага адпусьцілі. Сьпярша яго зьнялі з пасады старшыні праўленьня банку, але ўжо праз 3 дні вярнулі.
«Белагра»
9 верасьня СМІ паведамілі, што сілавікі прыйшлі зь ператрусам у холдынг «Белагра», які займаецца пастаўкамі сельскагаспадарчай тэхнікі.
Гэта буйны холдынг, які на сёньня мае каля 70 тысяч кліентаў у 55 краінах. Кампанія мае 47 філіялаў і гандлёвых пунктаў у 4 краінах: Беларусь, Расея, Украіна, Казахстан.
У кампаніі працуе больш за 1000 супрацоўнікаў. Холдынг займаецца продажам як сельскагаспадарчай тэхнікі, так і запчастак да яе. Сярод іншага кампанія прадае тэхніку МТЗ, «Амкадор», ММЗ. Таксама кампанія займаецца сэрвісам тэхнікі.
Вядома, што сілавікі затрымалі 20 чалавек за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (адміністрацыйны артыкул).
У прэс-рэлізе сьцьвярджаецца, што дырэктар «Белагра» Ўладзімір Пятроўскі «меў дачыненьне да дачы хабару за перамогу ў тэндэры», а ў аднаго з супрацоўнікаў «выяўлена марыхуана».
Да свайго затрыманьня ў кампаніі «Белагра» працаваў былы кіраўнік прэзыдэнцкага пулу Дзьмітры Семчанка.
«Суседзі»
22 кастрычніка стала вядома аб затрыманьні кіраўніцтва гандлёвай сеткі «Суседзі». Таксама быў затрыманы адзін з асноўных бэнэфіцыяраў Вадзім Аванесаў.
Гандлёвая сетка «Суседзі», якая аб’ядноўвае 180 крамаў, належыць кампаніі «Лібрэцік», якая працуе ў Беларусі больш за 20 гадоў. У мінулым годзе агулам у кампаніі працавалі больш за 5 тысяч чалавек.
«Нардзін»
У буйны прыватны мэдычны цэнтар «Нардзін» сілавікі прыйшлі 13 траўня. У кампаніі вынялі дакумэнтацыю, а заснавальніка доктара Сайкова затрымалі разам з жонкай. У той жа дзень стала вядома, што іх адпусьцілі.
«Лодэ»
16 траўня Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыпыніла ліцэнзію прыватнага цэнтру «Лодэ», з гэтага часу яны не маглі працаваць. Тады міністар аховы здароўя Піневіч заявіў, што ў мэдцэнтры выявілі каля 90 парушэньняў.
4 чэрвеня ў Міністэрстве аховы здароўя разгледзелі вынікі праверкі «Лодэ» і пастанавілі, што кампанія можа працаваць далей.
«Клініка А1»
Таксама 16 траўня Мінздароўя прыпыніла дзейнасьць мэдычнага цэнтру «Клініка А1». У адрозьненьне ад «Лодэ», ліцэнзію цэнтру не вярнулі, узьнікла запазычанасьць па заробках, і цэнтар давялося проста закрыць. Па інфармацыі на чэрвень цэнтар быў у стадыі ліквідацыі.
«Прыёрбанк»
9 сакавіка ў Беларусі затрымалі кіраўніка праўленьня «Прыёрбанку» Сяргея Касьцючэнку. У жніўні банкіру прысудзілі 3,5 года пазбаўленьня волі, яго прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, што пацягнула за сабой страты ў асабліва буйным памеры.
Разам з Касьцючэнкам асуджаныя два бізнэсмэны: яны атрымалі па 3 гады пазбаўленьня волі.
Іх прызналі вінаватымі ў тым, што ў пэрыяд з 1 сьнежня 2007 году па 22 студзеня 2021 году ў парушэньне Палажэньня аб Парку высокіх тэхналёгій шляхам наўмыснага заніжэньня падатковай базы, у тым ліку праз унясеньне ў падатковыя дэклярацыі заведама ілжывых зьвестак, яны ўхіліліся ад выплаты падаткаў на агульную суму больш за 1,5 мільёна рублёў.
«Белінвестбанк»
У красавіку некаторыя СМІ паведамлялі аб затрыманьні кіраўніка праўленьня «Белінвестбанку» Андрэя Брышцелева. Тады пісалі, што яго падазраюць у атрыманьні хабару ў буйным памеры.
Да кастрычніка банк быў без старшыні праўленьня, а 3 кастрычніка на гэтую пасаду прызначылі Алега Казарэдава, чыноўніка з Наваполацку, які апошнім часам працаваў у кіраўніцтве Беларусбанку.
«Кнігаўка»
16 траўня сілавікі прыйшлі ў кнігарню «Кнігаўка» выдавецтва «Янушкевіч». Раніцай 16 траўня, у першы дзень працы «Кнігаўкі», туды прыехалі прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая. Яны чапляліся да ўласьнікаў кнігарні за тое, што тыя прадаюць гістарычныя кнігі на беларускай мове. Іх пытаньні выклікала кніга пра род князёў Радзівілаў, а таксама кніга з фота, якое здалося Азаронку «вельмі падобным да параду вэтэранаў СС» (у рэальнасьці на здымку было ўступленьне літоўскага войска ў Вільню ў 1939-м).
Пасьля абеду ў кнігарню прыйшлі сілавікі зь ператрусам. Пасьля ператрусу ў «Кнігаўцы» зьнікла сувязь з дырэктарам Андрэем Янушкевічам і супрацоўніцай кнігарні Настай Карнацкай.
17 траўня стала вядома, што сілавікі затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і канфіскавалі ў яго 200 кніг, па 15 выданьнях будзе «праведзена экспэртыза». Пазьней Андрэя Янушкевіча пакаралі 10 суткамі арышту. Але пасьля яму прысудзілі дадатковыя «суткі», і ў выніку ён адбыў за кратамі 28 сутак, а пасьля выйшаў на свабоду.
Турфірма «Віяполь»
У жніўні сілавікі затрымалі кіраўніцу турыстычнага агенцтва «Віяполь» і выкладчыцу катэдры эканамічнай геаграфіі БДУ Галіну Патаеву. Інфармацыя пра гэта зьявілася ў праўладных тэлеграм-каналах.
Затрыманьне адбылося пасьля даносу прарасейскай актывісткі і блогеркі з Горадні Вольгі Бондаравай.
Затрыманай Галіне Патаевай 65 гадоў. З 1992 году янапрацуе дырэктарам турыстычнага агенцтва «Віяполь». У 1989 годзе абараніла кандыдацкую дысэртацыю, а з 2006-га працавала дацэнтам на геафаку БДУ.