Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдаўцу Андрэю Янушкевічу прысудзілі 10 дзён арышту


Андрэй Янушкевіч, архіўнае фота
Андрэй Янушкевіч, архіўнае фота

Андрэя Янушкевіча і Насту Карнацкую затрымалі пасьля ператрусу ў новай кнігарні выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка», якая адкрылася 16 траўня.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Янушкевічу прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Раніцай 16 траўня ў першы дзень працы «Кнігаўкі», туды прыехалі прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая. Яны чапляліся да ўласьнікаў кнігарні за тое, што тыя прадаюць гістарычныя кнігі на беларускай мове. Іх пытаньні выклікала кніга пра род князёў Радзівілаў, а таксама кніга з фота, якое здалося Азаронку «вельмі падобным да параду вэтэранаў СС» (у рэальнасьці на здымку было ўступленьне літоўскага войска ў Вільню ў 1939-м).

Пасьля абеду ў кнігарню прыйшлі сілавікі зь ператрусам. Пасьля ператрусу ў «Кнігаўцы» зьнікла сувязь з дырэктарам Андрэем Янушкевічам і супрацоўніцай кнігарні Настай Карнацкай.

17 траўня стала вядома, што сілавікі затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і канфіскавалі ў яго 200 кніг, па 15 выданьнях будзе «праведзена экспэртыза», паведаміла супрацоўніца афіцыёзнага выданьня «СБ. Беларусь Сегодня» Людміла Гладкая. Паводле якога артыкула затрымалі Янушкевіча, невядома.

Паводле Гладкай, затрымалі і «касірку кнігарні», якая нібыта «адміністравала шэраг экстрэмісцкіх рэсурсаў».

Новая кнігарня адкрылася 16 траўня на вул. Зьмітрака Бядулі, 6 у Менску. Найперш гэта мелася быць выдавецкая кнігарня, дзе выдавецтва «Янушкевіч» будзе прадаваць свае кнігі і кнігі «блізкіх партнэраў», паведаміла выдавецтва ў сацсетках.

Выдавецтва «Янушкевіч» займаецца падрыхтоўкай і выданьнем разнастайнай кніжнай прадукцыі, пераважна на беларускай мове.

У студзені 2021 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі забраў тэхніку і заблякаваў рахунак выдавецтва, а ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленьне пра магчымасьць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.

Кніжная крама «Кнігаўка», дзе напярэдадні прайшоў вобшук. Выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні Насту Карнацкую затрымалі
Кніжная крама «Кнігаўка», дзе напярэдадні прайшоў вобшук. Выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні Насту Карнацкую затрымалі

22 сакавіка стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі тэрмінова вызваліць офіс на Мар’еўскай, 7А у Менску. Пасьля гэтага выдавецтва абвясьціла распродаж кніг, хутка пад офісам сабралася вялізная чарга пакупнікоў, якая не канчалася некалькі дзён.

Апошнім часам беларускія ўлады прыпынілі дзейнасьць адразу некалькіх беларускіх незалежных выдавецтваў: «Лімарыус», «Кнігазбор», «Галіяфы», «Мэдысонт».

Фармальнай падставай стала парушэньне «тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з паведамленьнем аб зьмене зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданьняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG