Выдавецтва «Галіяфы», дзейнасьць якога Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыняла на тры месяцы, пачало працэс ліквідацыі, расказаў выданьню «Медиазона» ягоны заснавальнік Зьміцер Вішнёў.
Па словах Вішнёва, грошы, сабраныя дзякуючы падтрымцы чытачоў, дазволілі выдавецтву праіснаваць яшчэ некалькі месяцаў пасьля прыпыненьня ягонай дзейнасьці, але ў выніку супрацоўнік «Галіяфаў» не прайшоў пераатэстацыю, нягледзячы на добрую падрыхтоўку і наяўнасьць вышэйшай паліграфічнай адукацыі.
«Калі выдавецтву не даюць працаваць — выдаваць і прадаваць кнігі — як яно можа жыць далей?» — растлумачыў рашэньне аб ліквідацыі Зьміцер Вішнёў.
Беларускае выдавецтва «Лімарыус» таксама пачынае працэс ліквідацыі, паведаміла «Медиазоне» дырэктар выдавецтва Марына Шыбко.
15 красавіка Мінінфарм на 3 месяцы прыпыніў дзейнасьць «Галіяфаў». Паводле ведамства, выдавецтва «парушыла тэрміны звароту ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэньнем аб зьмене зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданьняў».
У траўні Мінінфарм таксама на тры месяцы прыпыніў дзейнасьць незалежных выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор». Фармальнай падставай стала тое ж парушэньне «тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі з паведамленьнем аб зьмене зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданьняў».
«Галіяфы» — незалежнае беларускае выдавецтва, заснаванае ў 2007 годзе. Мае сваю аднайменную кнігарню ў Менску, а таксама інтэрнэт-краму www.halijafy.by. Рухавік і дырэктар «Галіяфаў» — паэт і мастак Зьміцер Вішнёў.
Выдавецтва спэцыялізавалася на выданьні мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў, дзіцячых кніг на беларускай мове, а таксама займалася кнігамі па мастацтве і «выданьнямі, якія дасьледуюць з розных бакоў сучасную Беларусь». Кнігі «Галіяфаў» неаднаразова адзначаліся літаратурнымі прэміямі, у тым ліку двойчы прэміяй «Кніга году».
Выдавецтва «Лімарыус» заснаваў палітоляг Аляксандар Фядута, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ па абвінавачаньні ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (частка 1 артыкула 357 КК), ягоныя кнігі таксама друкаваліся ў выдавецтве.