Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я зразумеў: калі ты беларус, закон ня дзейнічае». Польскія памежнікі не прынялі ў беларуса заяву на міжнародную абарону


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларус Раман (імя зьмененае. — РС) з 2016 году жыве ва Ўкраіне. Днямі ён спрабаваў уехаць у Польшчу, каб атрымаць там міжнародную абарону, але памежнікі не прапусьцілі яго. Раман мусіў вярнуцца ва Ўкраіну. Сваёй гісторыяй ён падзяліўся са Свабодай.

«У Беларусь я не магу вярнуцца, тым больш для таго, каб служыць у войску»

Раман — беларус, а ягоны бацька быў грамадзянінам Украіны, памёр некалькі гадоў таму. У 2016 годзе Раман паступіў вучыцца ва ўкраінскі ўнівэрсытэт. Ён атрымаў сталы від на жыхарства.

«Яшчэ да вайны я хацеў атрымаць грамадзянства Ўкраіны. Мне адмовілі, бо мой пашпарт быў ня сэрыі PP. Такі пашпарт можна атрымаць у консульскай службе. Але да вайны я зьвяртаўся ў беларускую амбасаду ва Ўкраіне. Мне адмовілі ў пашпарце сэрыі РР. Сказалі ехаць у Беларусь і рабіць там новы пашпарт. З пачаткам вайны консульства наагул спыніла працу. Мой пашпарт цяпер пратэрмінаваны, з красавіка 2022 году», — патлумачыў Раман. У Беларусі ён ня быў тры гады.

«Пакуль вучыўся ва ўнівэрсытэце, я ў беларускі камісарыят накіроўваў паперы, што я вучуся. Меў адтэрміноўку ад войска. Потым я ня здолеў працягваць адукацыю, проста не хапіла грошай. І камісарыят у Беларусі абмежаваў мне выезд за мяжу. Я не магу вярнуцца ў Беларусь ніяк. Тым больш вярнуцца і ісьці служыць цяпер, падчас вайны, у беларускае войска. Майго брата ў Беларусі затрымлівалі за пратэсты. Я сам таксама не падтрымліваю беларускую ўладу і разумею, што, паехаўшы туды, магу трапіць у турму, як многія беларусы. Нават за допісы і камэнтары ў сацыяльных сетках», — кажа Раман.

«Польскія памежнікі мяне проста ігнаравалі, прапаноўвалі ехаць у Беларусь ці вяртацца ва Ўкраіну»

У выніку Раман вырашыў паехаць у Польшчу і папрасіць на мяжы міжнародную абарону. З Украіны беларуса выпусьцілі пасьля таго, як ён сплаціў штраф за пратэрмінаваны пашпарт. А вось польскія памежнікі адмовіліся прымаць заяву на міжнародную абарону.

«Я быў на мяжы да гадзіны ночы. Тры разы спрабаваў падацца на міжнародную абарону. Маю просьбу проста ігнаравалі. Далі дакумэнт, што мяне не пускаюць у Польшчу, бо ў мяне пратэрмінаваны пашпарт і я ня маю візы. Але я маю права падавацца на міжнародную абарону! Я прасіў даць пісьмовае тлумачэньне таго, чаму ў мяне не прымаюць заявы. Але памежнікі проста ігнаравалі мяне», — кажа беларус.

Раман таксама расказвае, што ноччу польскія памежнікі настойліва прапаноўвалі яму вярнуцца ва Ўкраіну.

«Гучалі розныя фразы, словы, у тым ліку што расейцам і беларусам цяпер уезду няма ў Польшчу. У іх была задача, наколькі я разумеў, ігнараваць маю заяву на міжнародную абарону ўсімі даступнымі спосабамі. Я так зразумеў, што калі ты беларус, закон ня дзейнічае», — кажа Раман.

«Гэта міграцыйныя злоўжываньні»

Юрыст Алесь Міхалевіч лічыць, што гэты выпадак — «абсалютна тая ж сытуацыя, як ва ўцекачоў, якіх Лукашэнка дапамагае перапраўляць да польскай мяжы».

«Польскія памежнікі паводле міжнароднага права мусілі бы распачынаць працэдуру надаваньня міжнароднай абароны ўцекачам — сырыйцам, курдам. Але ім адмаўляюць і высылаюць з краіны. Гэта міграцыйныя злоўжываньні. Пад такое трапіў і беларус. У памежнікаў тут спрацавала мэтадалёгія прыняцьця рашэньня, калі яны робяць тое, што ім лягчэй. У гэтым выпадку ім лягчэй не прапусьціць чалавека, чым браць у працэдуру атрыманьня статусу на міжнародную абарону», — кажа юрыст.

Ён лічыць, што Раману варта зьвярнуцца ў польскія дзяржаўныя органы, беларускія структуры за мяжой па дапамогу.

«Я лічу, што польскія ўлады парушаюць міжнароднае права, яны абавязаны браць у працэдуру. Могуць пры адсутнасьці дакумэнтаў утрымліваць у закрытых лягерах, але распачынаць працэдуру мусяць. Тут Раману трэба з дапамогай розных структур зрабіць так, каб ягоны прыезд на мяжу быў падрыхтаваны, каб памежнікі былі праінфармаваныя», — дадаў Алесь Міхалевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG