Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Памежнікі зь мяне максымальна пазьдзекаваліся». Беларуса ня выпусьцілі з Украіны, бо ягоны пашпарт зьнішчыла ракета


Беларускі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота
Беларускі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота

Алег Осіпаў расказвае, што да падзей 2020 году жыў у Менску. Быў вымушаны ўцякаць з краіны, бо займеў крымінальны перасьлед за пратэсты. У канцы 2020 году ён пераехаў ва Ўкраіну.

Осіпаў кажа, што 13 кастрычніка ён спрабаваў перасячы мяжу ў бок Польшчы, але ўкраінскія памежнікі яго не пусьцілі.

«І яшчэ максымальна пазьдзекаваліся», — падзяліўся Алег са Свабодай.

Паводле яго, Осіпаў жыў у Харкаве, падаў дакумэнты на атрыманьне дадатковай абароны ва Ўкраіне, таму што ў Беларусь вярнуцца ня мог. Замест пашпарта яму выдалі дакумэнт, што ягоная справа на разглядзе аб наданьні статусу ўцекача.

«Два гады цягнуўся працэс. Наконт мяне так і не прынялі ніякага рашэньня — ні станоўчага, ні адмоўнага. Мы зь юрыстамі з Офіс у справах уцекачоў ААН перад вайной вырашылі падаць у суд, каб празь яго дамагчыся статусу ўцекача. Але пачалася вайна», — расказаў беларус.

Ён кажа, што ад пачатку вайны стаў валянтэрам у дабрачынным фондзе.

«Дапамагаў мірным людзям. Прадуктамі, вопраткай, абуткам, сродкамі гігіены. Так шэсьць месяцаў працаваў. Потым быў невялікі канфлікт з кіраўніцтвам фонду. Шэсьць месяцаў вайны, тры дні ўдараў па інфраструктуры гораду, адсутнасьць вады, ацяпленьня — усё разам паўплывала на тое, што псыхіка пачала не вытрымліваць. Я вырашыў ехаць у Польшчу», — кажа Алег.

Осіпаў кажа, што з пасьведчаньнем асобы (дакумэнтам, які далі замест пашпарта. — РС) ён прыехаў на памежны пераход Шагіні. Памежнікі яго не прапусьцілі. Сказалі, што бяз пашпарта ня выпусьцяць. Алег вярнуўся ў Харкаў, пайшоў у міграцыйную службу, каб папрасіць яшчэ які-небудзь дакумэнт. У міграцыйнай службе сказалі, што ягоны пашпарт быў у СБУ, «ці то на праверцы, ці то на захоўваньні». І быў зьнішчаны ў пачатку вайны расейскай ракетай, якая трапіла ў будынак СБУ.

«Два тыдні я чакаў, каб міграцыйныя службы далі мне даведку, што мой пашпарт «зьліквідаваны» расейскай ракетай. Яны напісалі мне такую даведку, і я паехаў зноў на мяжу. На гэты раз на пераход Кракавец. Там пачаліся натуральныя зьдзекі зь мяне. Мяне правялі памежнікі праз увесь пераход, абражалі як маглі. Кшталту «Ты пацук», «Ты прасіў тут абарону, цяпер бяжыш у Польшчу, бо ў цябе „падгарэла“», «Ты пераабуўся». Абражалі ня толькі мяне, але ўсіх беларусаў. Маўляў, усе беларусы сволачы. Сказалі, каб я ехаў у беларускую амбасаду і рабіў «праязны дакумэнт». На мае словы, што я не магу як палітычны ўцякач ісьці ў амбасаду, ды яна і не працуе, яны толькі сьмяяліся і казалі: «Так табе і трэба!», «Мы б спалілі тую вашу амбасаду», — расказаў беларус.

Цяпер Осіпаў знаходзіцца ў Львове і шукае дапамогі. Зьвярнуўся ў тым ліку да Валера Кавалеўскага, прадстаўніка Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG