Вядзецца аб прадпрыемствах, якія зьяўляюцца рэзыдэнтамі Беларусі і Расеі, а таксама юрыдычных асобах, бэнэфэцыярнымі ўласьнікамі якіх зьяўляюцца грамадзяне ці прадпрыемствы Беларусі і Расеі.
У той жа час урад зрабіў адно выключэньне – ён дазволіў закупляць тавары, работы і паслугі, неабходныя для рамонту і абслугоўваньня беларускай і расейскай прадукцыі, купленай да ўхваленьня рашэньня аб увядзеньні забароны.
Ва Ўкраіне ўжо падчас вайны, у сакавіку–ліпені 2022 году, 191 украінская кампанія, заснаваная грамадзянамі ці юрыдычнымі асобамі Расеі і Беларусі, выйграла больш як 1800 дзяржаўных тэндэраў.
Кампаніі выйгралі конкурсы на пастаўку прадукцыі і паслуг на суму звыш 985 мільёнаў грыўняў (26,9 мільёна даляраў у эквіваленце, паводле курсу Нацыянальнага банку Ўкраіны. – РС).
Урад дэнансаваў яшчэ адно пагадненьне зь Беларусьсю
Украінскі ўрад таксама ўхваліў рашэньне аб выхадзе Ўкраіны з пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі. Урады Беларусі і Ўкраіны падпісалі гэты дакумэнт 14 сьнежня 1995 году ў Кіеве.
Гэта восьмы двухбаковы дакумэнт, дэнансаваны Ўкраінай з пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны на ўкраінскай тэрыторыі. Раней Украіна спыніла дзеяньне (або дэнансавала):
- міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
- міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю аб суднаходзтве па ўнутраных водных шляхах, якое было падпісана ў Менску 5 лютага 1998 году;
- міжурадавай дамовы аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
- міжурадавай дамовы аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
- міжурадавага пагадненьня ў сфэры навукі і тэхналёгій;
- міжурадавай дамовы аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
- міжведамаснага пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў.