Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога КДБ і ААЦ змогуць атрымаць доступ да баз дадзеных любых сайтаў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Уладальнікаў сайтаў прымусяць падключыцца да сыстэмы тэхнічных сродкаў для забесьпячэньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў (САВМ).

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і Апэратыўна-аналітычны цэнтар змогуць атрымаць прамы кругласутачны доступ да баз дадзеных і інфармацыйных сыстэм інтэрнэт-рэсурсаў Беларусі ў мэтах апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.

Гэта прадугледжана ўказам Аляксандра Лукашэнкі №368, падпісаным 18 кастрычніка і апублікаваным 21 кастрычніка.

Каб атрымаць доступ да баз дадзеных, уладальнікаў сайтаў прымусяць усталяваць сабе сыстэму САВМ, тлумачыць Zerkalo.io.

Новы ўказ прадпісвае пастаўшчыкам паслуг электрасувязі і ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў выкарыстоўваць «інфармацыйную сыстэму электроннага ўзаемадзеяньня» для зносін з органамі, якія ажыцьцяўляюць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, гэта значыць ААЦ і КДБ.

Адпаведную інфармацыйную сыстэму распрацуе РУП «Цэнтар лічбавага разьвіцьця», а нагляднае РУП «БелДІЭ» будзе сачыць, каб сілавікі, уладальнікі сайтаў і пастаўшчыкі сувязі мелі да гэтай сыстэмы свабодны доступ 24 гадзіны на дзень.

Патрабаваньне падлучыцца да інфармацыйнай сыстэмы не распаўсюджваецца аўтаматычна адразу на ўсе інтэрнэт-рэсурсы і ўсіх пастаўшчыкоў сувязі. Тых, хто павінен будзе гэта зрабіць, будуць вызначаць КДБ і ААЦ. Затым «БелДІЭ» ў трохдзённы тэрмін накіруе ўладальніку сайта апавяшчэньне, што ён павінен падключыцца да сыстэмы.

Пасьля гэтага ўладальнік сайта ў месячны тэрмін павінен зарэгістравацца ў інфармацыйнай сыстэме і ў трохмесячны — забясьпечыць усё, каб базы даных сайта і аўтаматызаваныя сыстэмы, а таксама абсталяваньне адпавядалі вызначаным тэхнічным патрабаваньням (іх зацьвярджае КДБ і ААЦ). Пры неабходнасьці ўладальніку рэсурсу трэба купіць абсталяваньне, пры гэтым усе неабходныя работы выконваюцца за ўласны кошт.

Вынікам павінна стаць тое, што КДБ і ААЦ атрымаюць бязвыплатны кругласутачны дыстанцыйны доступ да баз дадзеных і аўтаматызаваных сыстэм сайта. Размова ідзе пра тыя базы і сыстэмы, якія зьмяшчаюць інфармацыю аб карыстальніках, аб паслугах электрасувязі, інтэрнэт-паслугах і іншых паслугах, якія былі аказаны карыстальнікам з дапамогай гэтага сайта.

«Пастаўшчыкі паслуг электрасувязі, уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў абавязаны прад'яўляць бязвыплатна ў электронным выглядзе па патрабаваньні ўпаўнаважаных падразьдзяленьняў і ў вызначаныя гэтымі падразьдзяленьнямі тэрміны дакладную і поўную базу даных аб карыстальніках, а таксама ў рэжыме рэальнага часу інфармацыю, у тым ліку тэхнічную, пра ўсе аказаныя карыстальнікам паслугі», — гаворыцца ў дакумэнце.

Акрамя таго, уладальнікі рэсурсаў і пастаўшчыкі сувязі абавязаны ня менш за год захоўваць інфармацыю пра ўсе паслугі, аказаныя карыстальнікам.

Уладальнікам сайтаў і пастаўшчыкам сувязі таксама давядзецца клапаціцца аб абароне зьвестак, зьвязаных з апэратыўна-вышуковымі мерапрыемствамі. Дапускаць да рамонту і абслугоўваньня абсталяваньня і сыстэм, зьвязаных з даваньнем сілавікам доступу да зьвестак, можна будзе толькі абмежаванае кола асоб.

У палажэньні падкрэсьліваецца, што доступ да баз дадзеных карыстальнікаў будуць мець толькі ўпаўнаважаныя сілавыя падразьдзяленьні, усе звароты да баз праз інфармацыйную сыстэму будуць у гэтых падразьдзяленьнях рэгістравацца, і зьвесткі аб зваротах павінны захоўвацца ня менш за пяць гадоў.

Калі ж уладальнік сайта або пастаўшчык сувязі парушыў патрабаваньні органаў, напрыклад ня даў доступ сілавікам у прадпісаны тэрмін, то па рашэньні ААЦ або КДБ доступ да інтэрнэт-рэсурсу можа быць абмежаваны. Разблякаваць сайт ці не, будзе вырашаць той жа орган (КДБ ці ААЦ), пасьля таго як парушэньні ліквідуюць.

Асобны разьдзел палажэньня прысьвечаны ўзаемадзеяньню сілавікоў з апэратарамі сувязі, а менавіта пытаньням укараненьня і выкарыстаньня сыстэмы забесьпячэньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў (САВМ). Гэта сыстэма, якую ўжо даўно абавязаны выкарыстоўваць усе апэратары сувязі ў Беларусі. САВМ дазваляе сілавікам у рэжыме онлайн сачыць за ўсімі кліентамі апэратара сувязі. Менавіта аналяг САВМ цяпер давядзецца ўсталёўваць і інтэрнэт-рэсурсам, гэта значыць сілавікі змогуць атрымліваць больш дэталёвую інфармацыю аб актыўнасьці інтэрнэт-карыстальнікаў.

Палажэньне набудзе моц праз тры месяцы пасьля яго апублікаваньня, а пункт указу аб тым, што пастаўшчыкі сувязі і ўладальнікі сайтаў павінны па ўказаньні КДБ або ААЦ падключыцца да інфармацыйнай сыстэмы сілавікоў, пачне працаваць праз шэсьць месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG