Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белгарадзкай вобласьці загарэлася нафтабаза. У анэксаваным Севастопалі спрацавала СПА


У Белгарадзкай вобласьці Расеі ў выніку трапляньня снараду загарэлася нафтабаза.

У анэксаваным Расеяй Севастопалі днём 15 кастрычніка спрацавала сыстэма супрацьпаветранай абароны, паведамляюць мясцовыя жыхары.

Прызначаны Расеяй губэрнатар Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў, што СПА ў Казацкай Бухце працуе ў трэніровачным рэжыме, і папрасіў захоўваць спакой.

Пазьней зьявіліся паведамленьні аб рабоце СПА ў Белгарадзкай вобласьці РФ. Губэрнатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў заявіў, што пад абстрэл патрапіла нафтабаза ў раёне сяла Разумнае, там узьнік пажар, які ўжо пачалі тушыць.

Па словах Гладкова, па нафтабазе патрапіў адзін снарад. Паводле дадзеных ТАСС, пашкоджаны адзін з дзесяці рэзэрвуараў.

14 кастрычніка ў Белгарадзе з прычыны абстрэлу была пашкоджана электрападстанцыя, якая адносіцца да ЦЭЦ «Луч». На ёй узьнік пажар. Частка горада часова засталася без электрычнасьці. Днём раней ракета або яе аскепкі ўпалі на шматпавярховы дом у Белгарадзе. Частка будынка абвалілася. Раней большасьць школ і ВНУ горада і вобласьці перайшлі на рэжым дыстанцыйнага навучаньня з прычыны небясьпечнай абстаноўкі.

У Расеі абвінавацілі Ўзброеныя сілы Ўкраіны ў абстрэлах. Украінскі бок не паведамляў пра абстрэлах Белгарада ці Крыму. Як правіла, афіцыйна Кіеў не камэнтуе магчымыя ўдары па расейскіх ці анэксаваных тэрыторыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG