Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчах у Эўрапарлямэнце Ціханоўская гаварыла, «як спыніць двух шалёных дыктатараў»


Сьвятлана Ціханоўская і Рабэрта Мэтсаля
Сьвятлана Ціханоўская і Рабэрта Мэтсаля

Сьвятлана Ціханоўская заклікала ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі. Наперадзе ў беларускага апазыцыйнага палітыка некалькі сустрэч у Брусэлі.

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася са старшынёй Эўрапарлямэнту Рабэртай Мэтсаля. Яны абмеркавалі прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл у парлямэнцкай арганізацыі «Ўсходняга партнэрства» (Euronest), а таксама ўзаемадзеяньне з Эўрапарлямэнтам.

«Мы абмеркавалі, як спыніць двух шалёных дыктатараў: санкцыі павінны ўдарыць і па Расеі, і па Лукашэнку. Мы дамовіліся, што дэмакраты будуць прадстаўляць Беларусь у Euronest, і шукаем фармат афармленьня нашых адносін з Эўрапарлямэнтам», — напісала па выніках сустрэчы Ціханоўская.

На сустрэчы з фракцыяй ЕРР (Эўрапейскай народнай партыі) у Эўрапарлямэнце Ціханоўская сказала:

«Ведаю, што я сярод сяброў тут сёньня. Тым ня менш сотні калег EPP ня могуць далучыцца да нас сёньня. Сярод іх і старшыня АГП Мікалай Казлоў, які знаходзіцца незаконна шмат месяцаў у турме КДБ. Сярод іх лідэр БХД Павал Севярынец, які знаходзіцца за кратамі апошнія 858 дзён. Гэта ягонае трэцяе зьняволеньне. Ягоны фізычны стан невядомы. Сярод іх і актывіст Партыі БНФ Вітольд Ашурак, якога закатавалі да сьмерці ў беларускай турме. Давайце нагадваць сабе і сьвету пра 1350 палітычных зьняволеных кожны дзень, таму што мы іхная адзіная надзея. І мы ніколі ня здрадзім ім».

Таксама беларуская дэмакратычная лідэрка нагадала прысутным пра важнасьць правільнага выбару словаў і азначэньняў. Гэтак яна зрэагавала на словы аднаго з дэпутатаў Эўрапарлямэнту, які назваў Лукашэнку «прэзыдэнтам», хоць той не прызнаны такім міжнароднай супольнасьцю.

Акрамя таго, Ціханоўская заявіла, што Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ, ён толькі абслугоўвае Пуціна і яго інтарэсы. Таму яна заклікала прымяняць санкцыі супраць Лукашэнкі і яго памагатых, а ня супраць звычайных грамадзян Беларусі.

Яна заклікала прызнаць Беларусь часткова акупаванай дзяржавай.

Падчас выступу ў Камітэце па зьнешніх справах Эўрапарлямэнту Сьвятлана Ціханоўская заклікала эўрадэпутатаў «адкінуць махлярскі і сьмяротны рэжым Лукашэнкі» і дапамагчы будаваць дэмакратычную і свабодную Беларусь. Ціханоўская заклікала прызнаць Аб'яднаны Пераходны Кабінэт Беларусі.

«Мы гатовыя супрацоўнічаць і рэалізоўваць сумесныя праекты ў рамках «Усходняга партнэрства» і іншых праграм. Мы ўжо наладзілі падобнае супрацоўніцтва з Радай Эўропы. Цяпер упершыню ў гісторыі Рада Эўропы будзе ўзаемадзейнічаць не з афіцыйным урадам, а з нашым дэмакратычным рухам. Мы заклікаем Эўрапарлямэнт зрабіць тое ж».

Таксама Ціханоўская адзначыла, што найлепшай дапамогай Украіне ў вайне з Расеяй будзе «мяжа ў тысячу кілямэтраў са свабоднай Беларусьсю, якая не зьяўляецца расейскай калёніяй».

Наперадзе ў Ціханоўскай сустрэчы зь міністрам замежных спраў Бэльгіі Аджой Лябібам, камісарам у пытаньнях пашырэньня Эўразьвязу Олівэрам Вархэі і беларускай дыяспарай у Бэльгіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG