Закон разглядалі ў адным чытаньні, піша прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.
Дакумэнтам прадугледжваецца спыненьне ўдзелу Беларусі ў Факультатыўным пратаколе да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 сьнежня 1966 году. Пратакол вызначае мэханізм падачы і разгляду ў Камітэце правоў чалавека ААН скаргаў асобных людзей аб парушэньні іхных правоў.
Улады палічылі, што паўнамоцтвы камітэту былі адвольна пашыраныя і стварылі «неабгрунтаваныя абавязаньні для дзяржавы, якія ёй не прымаліся пры далучэньні да міжнароднага акту».
Пры гэтым Беларусь будзе працягваць заставацца ўдзельніцай Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Дагэтуль з дамовы выходзілі толькі дзьве краіны, з рэгіёну Карыбскага басэйну
Беларусь ратыфікавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах 19 студзеня 1992 году, ён набыў моц 30 сьнежня таго ж году.
Сам пратакол міжнародная супольнасьць прыняла ў 1966 годзе. У дамове 35 бакоў, якія яе падпісалі, і 116 дзяржаў-удзельніц. За ўсю гісторыю дамовы толькі дзьве дзяржавы, якія ратыфікавалі яго, затым дэнансавалі пратакол — Ямайка і Трынідад і Табага. Беларусь, такім чынам, можа стаць першай эўрапейскай дзяржавай, якая выйдзе з дамовы.
Кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак пракамэнтаваў Свабодзе, што такі дэмарш можа азначаць для грамадзян Беларусі і для ААН.
— Дамова, зь якой плянуе выйсьці ўрад, гэта фактычна дакумэнт аб тым, што Беларусь прызнае права Камітэту правоў чалавека ААН на разгляд парушэньняў Рэспублікі Беларусь правоў чалавека ў краіне. Адпаведна, грамадзянін можа падаваць скаргу ў ААН і чакаць разгляду сваёй справы.
За ўвесь час грамадзяне краіны падалі ў Камітэт больш за 200 скаргаў. Звычайна тэмы скаргаў былі падобныя — парушэньні дзяржавай правоў грамадзян на пратэст, свабоду сходаў, свабоды слова, асацыяцыяў. Але былі, вядома, і іншыя скаргі. Аднак урад у Менску гэтыя рашэньні, калі ў ААН прызнаваліся за дзяржавай парушэньні, проста не выконваў, бо не лічыў гэта сваім абавязкам. І ў гэтым сэнсе, па вялікім рахунку, зьменіцца няшмат. Фактычна і раней абарона не працавала, а зараз яе ня будзе ўжо юрыдычна.
Закон аб абмежаваньнях на выезд за мяжу
Таксама ў Палаце прынялі ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў», дзе вызначаецца парадак выдачы біямэтрычных пашпартоў і ўводзяцца абмежаваньні на выезд з краіны для пэўных груп грамадзян. КДБ зможа абмежаваць беларусам выезд з краіны на паўгода, калі ён «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю, удакладненьняў з афіцыйных крыніц няма.
Выезд будзе забаронены і тым, у адносінах да каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а суд яшчэ не адбыўся. Сюды адносяцца і «палітычныя» артыкулы КаАП: «непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў», «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» і гэтак далей.
- Супрацоўнікам сілавых ведамстваў, уключаючы цывільны пэрсанал, можна будзе выехаць за межы Беларусі толькі па ўзгадненьні з кіраўніцтвам, якое можа накласьці забарону «ў мэтах забесьпячэньня інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі да спыненьня абставін, якія перашкаджаюць выезду». Калі ў такіх асоб ёсьць біямэтрычны пашпарт, на час службы яго давядзецца здаць у аддзел кадраў.
- Парадак выезду зь Беларусі дзяржаўных службоўцаў будзе вызначаць урад.
- Прызыўнікі, а таксама грамадзяне ва ўзросьце да 27 гадоў, залічаныя ў запас па стане здароўя без праходжаньня тэрміновай вайсковай службы або службы ў рэзэрве, змогуць выяжджаць на ПМЖ за межы краіны са згоды ваенкамату.
- Беларусы, якія ўвесь час пражываюць за мяжой, абавязаны стаць там на сталы консульскі ўлік.
Цяпер Савет Рэспублікі павінен ухваліць законапраект, а Лукашэнка — падпісаць, потым дакумэнт ужо ў статусе закону афіцыйна апублікуюць на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Пасьля гэтага забарона на выезд супрацоўнікаў сілавых ведамстваў без дазволу набывае моц праз два месяцы, астатнія зьмены — адразу пасьля апублікаваньня.