У Лунінецкім раённым судзе 7 кастрычніка вынесены прысуд 60-гадоваму Сяргею Глівенку, абвінавачанаму ў абразе загінулых у Баранавічах лётчыкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Тэрмін аказаўся меншы, чым мужчына адсядзеў да суду — без матрацаў, пасьля апэрацыі. Кампэнсацыя за «пераседжаны» час не прадугледжаная, паведамляе «Вясна».
Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Братанава, дзяржабвінаваўца — памочніца пракурора Ганна Пенер.
Судовы працэс пачаўся з высьвятленьня асобы, падчас якога на пытаньне судзьдзі «Грамадзянінам якой краіны зьяўляецеся?» абвінавачаны адказаў: «Пакуль яшчэ Беларусі».
Глівенка быў затрыманы раніцай 4 траўня 2022 года ў Лунінцы і зьмешчаны пад варту.
Перад пачаткам суду ён заявіў, што ніякіх паказаньняў даваць ня будзе.
«Я знаходзіўся за межамі Беларусі, у Маскве, і таму беларускага заканадаўства не парушаў. Сваёй віны не прызнаю. Мая віна нічым не даказаная, бо пад фатаздымкам загінулых у Баранавічах лётчыкаў было напісана „Царства ім Нябеснае“», — заявіў ён суду.
Таксама Глівенка адмовіўся ад паслуг адваката.
Згодна з матэрыяламі справы, Сяргей Глівенка, знаходзячыся нібыта ў нецьвярозым стане ў пэрыяд часу з 21 траўня па 16 чэрвеня 2021 году, з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, дзе ён на той час знаходзіўся, у сацыяльнай сетцы Facebook у групе «АТН: Навіны Беларусі і сьвету» пад відэазапісам сюжэту «У Беларусі разьвіталіся зь лётчыкамі-героямі Андрэем Нічыпорчыкам і Мікітам Куканенкам. Панарама» разьмясьціў паведамленьні цынічнага характару. Ці гэта і ёсьць паведамленьне «Царства ім Нябеснае!», не ўдакладняецца.
Далей у судзе Глівенка заявіў хадайніцтва аб тым, каб яму выдалі ў ізалятар матрац, бо ён нядаўна перанёс некалькі апэрацый і яму нельга спаць на голых дошках. Хадайніцтва суд не задаволіў.
Суд прызнаў Сяргея Глівенку вінаватым і вынес наступнае пакараньне: арышт тэрмінам на 3 месяцы.
Яго вызвалілі з-пад варты ў зале суду. Аднак кампэнсацыя за два «лішнія» месяцы пад сьледзтвам у такім выпадку заканадаўствам не прадугледжаная.