Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 гадоў таму «на бульбе» загінула васьміклясьніца. Цяпер Лукашэнка зноў хоча, каб дзеці зьбіралі ўраджай


Беларускія студэнты на ўборцы бульбы. Архіўнае фота
Беларускія студэнты на ўборцы бульбы. Архіўнае фота

У 2016 годзе падчас збору ўраджаю загінула васьміклясьніца Вікторыя Папчэня. З таго часу пра пасыланьне школьнікаў на палі было не чуваць.

3 кастрычніка, падчас кадравых прызначэньняў Лукашэнка загадаў мабілізаваць на збор ураджаю ўсіх, у тым ліку школьнікаў. Ён лічыць, што праца падлеткаў на палях — гэта станоўчы досьвед, які «парадуе» бацькоў, а для дзяцей стане таксама «добрай фізычнай падрыхтоўкай».

Прыгадваем, як такая «фізычная падрыхтоўка» на палях прывяла да гібелі школьніцы 6 гадоў таму.

2016 год. Як загінула школьніца

Васьміклясьніца Вікторыя Папчэня загінула 29 верасьня 2016 году падчас выбіраньня бульбы на палетках калгасу «Ўсход-агра». На яе наехаў грузавік. На поле 13-гадовая дзяўчынка трапіла праз распараджэньне чыноўнікаў. Ланцужок выглядаў так: тагачаснае кіраўніцтва Маладачанскага раёну распарадзілася дапамагчы калгасам сабраць бульбу, упраўленьне адукацыі таго ж раёну распарадзілася накіраваць туды «супрацоўнікаў ці навучэнцаў школ (10 кляса), кіраўніцтва школы замяняе некаторых вучняў 10 клясы на вучняў 8 клясы, бо ў школе ідзе «дзень самакіраваньня».

2017 год. Каго пакаралі за гібель школьніцы

Гаспадарка: кіраўніка калгасу «Ўсход-агра» пасьля здарэньня зь Вікторыяй Папчэняй звольнілі. Кіроўцу, які наехаў на школьніцу, асудзілі на тры гады «хіміі».

Школа: дырэктару школы тады далі вымову, завучаў панізілі да настаўнікаў, а дзьвюх настаўніц, якія суправаджалі дзяцей «на бульбе» асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі». Таксама яны атрымалі штраф па 100 базавых велічыняў (каля 2 тысяч эўра), і ім было забаронена цягам 2 гадоў займаць пасады, зьвязаныя зь бясьпекай дзяцей.

Упраўленьне адукацыі: кіраўніца атрымала вымову. Яна і цяпер узначальвае ўпраўленьне адукацыі Маладачанскага райвыканкаму.

Кіраўніцтва райвыканкаму: нікога і ніяк не каралі.

Якія беларускія законы парушае праца дзяцей на полі

Адпраўка на бульбу 13-гадовай школьніцы 6 гадоў таму — гэта парушэньне адразу некалькіх беларускіх законаў.

1. Кодэкс аб адукацыі

«Забараняецца прыцягненьне навучальных устаноў да выкананьня прац (аказаньня паслуг), не прадугледжаных навучальна-праграмнай дакумэнтацыяй, плянам выхаваўчай працы ўстановы адукацыі, праграмамі выхаваньня».

«Асобы, маладзейшыя за васямнаццаць гадоў, прыцягваюцца да выкананьня прац толькі пасьля папярэдняга мэдычнага агляду. Асобы ва ўзросьце ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў могуць прыцягвацца да выкананьня лёгкіх відаў працы ў адпаведнасьці з заканадаўствам».

Для дзяцей, якім менш за 14 гадоў, нормаў ніякіх няма.

Няма нормаў для дзяцей, якім менш за 14 гадоў.

«Зь пісьмовай згоды аднаго з бацькоў працоўная дамова можа быць заключаная з асобай, якая ня мае чатырнаццаці гадоў, для выкананьня лёгкай працы, якая не зьяўляецца шкоднай для яе здароўя і разьвіцьця і не наносіць шкоды наведваньню агульнаадукацыйнай установы».

У бацькоў Вікторыі Папчэні ніхто тады пісьмовай згоды не прасіў, што пацьвердзілася на судзе. Працоўную дамову зь дзяўчынкай таксама ніхто не заключаў. Чыноўнікі назвалі працу на полі «выхаваўчым працэсам».

Тады, яшчэ да здарэньня, Міністэрства адукацыі накіроўвала ў мясцовыя органы распараджэньне, што «навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі да выкананьня сельскагаспадарчых работ не прыцягваюцца».

«Нават уладзе тады стала зразумела, што так рабіць нельга»

Пасьля трагічнага здарэньня з васьміклясьніцай аб прыцягненьні школьнікаў да збору ўраджаю не было чуваць. Аднак праз 6 гадоў пра гэта загаварылі зноў. Тады бацьку Вікторыі Папчэні адстойваць свае правы ў судзе дапамагаў адзін зь цяперашніх кіраўнікоў BySol Андрэй Стрыжак.

«Нават уладзе тады стала зразумела, што дзяцей нельга прыцягваць да прымусовай працы. Школа не павінна быць месцам, дзе дзеці гінуць. Калі хочацца арганізаваць нейкае працоўнае навучаньне, то яго трэба рабіць у бясьпечных умовах. А тут атрымліваецца, што дзяцей заганяюць на нейкую мабілізацыю. Гэта зусім ня тое, што трэба школьнікам. Яны павінны атрымліваць навыкі ў бясьпечным асяродзьдзі. А тое, што цяпер улада прапануе, — гэта дадатковыя працоўныя рукі. На судзе тады высьветлілася, што існаваў загад Мінадукацыі не адпраўляць дзяцей на збор ураджаю. Аднак, з аднаго боку, школы падпарадкоўваюцца Мінадукацыі, а зь іншага — райвыканкамам», — кажа Андрэй Стрыжак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG