Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Школу закрылі, пракуратура патрабуе сьпісы вучняў». Як рэжым Лукашэнкі зьнішчае прыватную сярэднюю адукацыю


У адной зь менскіх прыватных школ, закрытых уладамі
У адной зь менскіх прыватных школ, закрытых уладамі

Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка выступіў наконт прыватных школ, назваўшы іх «антыдзяржаўнай кляакай», улады закрылі большасьць прыватных устаноў адукацыі. Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў «зачысьціць усё да немагчымасьці».

Свабода пагутарыла з бацькамі і настаўнікамі прыватных установаў. Першыя цяпер ня ведаюць, куды аддаць дзіця вучыцца. Другія засталіся бяз працы.

Чаму закрываюць прыватныя школы

У Менску на пачатак навучальнага году, паводле камітэту адукацыі Менгарвыканкаму, было 25 прыватных устаноў адукацыі. Па зьвестках Свабоды, некаторыя прыватныя школы былі закрытыя яшчэ да 1 верасьня. Дзяржаўную акрэдытацыю, якая дае права выдаваць выпускнікам пасьведчаньні і атэстаты, пасьпяхова прайшлі толькі 13 навучальных устаноў.

Пасьля закліку Лукашэнкі «зачысьціць усё да немагчымасьці» ў прыватныя школы прыйшлі правяральнікі з камітэту адукацыі, санстанцыі, ратавальнай службы і іншых органаў.

Першая намесьніца старшыні камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Людміла Барысенка выступіла на канале «Беларусь-1» і заявіла, што толькі 6 з 25 прыватных устаноў адукацыі працавалі, маючы пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

Пры гэтым сэртыфікат гатоўнасьці да новага навучальнага году таксама атрымалі толькі 6 зь іх. Такім чынам, падсумавалі сталічныя ўлады, усе астатнія прыватныя школы і садкі, якія 1 верасьня арганізавалі навучаньне, зрабілі гэта, парушаючы заканадаўства.

Паводле чыноўніцы, у Менску звыш 2 тысяч дзяцей навучаліся ў прыватных школах, але на сёньня ўжо 47% зь іх перайшлі ў дзяржаўныя ўстановы адукацыі.

15 верасьня ўзьніклі прэтэнзіі да прыватнай школы «Смарт скул». Там вучань стрэліў з пнэўматыкі ў твар сваёй аднаклясьніцы.

«Пачалі разьбірацца, а там кіраўніцтва школы, гэта паводле першай інфармацыі, яны ж на дух не ўспрымаюць беларускую дзяржаву. Гэта што, там каламуць нейкая, нейкая кляака ўтварылася антыдзяржаўная?» — абураўся на адной з нарад Лукашэнка.

На дырэктара школы завялі крымінальную справу.

Пазьней быў затрыманы дзіцячы паэт і празаік Дзьмітры Юртаеў, які выкладаў у «Смарт скул». Мужчына нібыта пакідаў абразьлівыя камэнтары ў адрас міліцыянтаў, хадзіў на «несанкцыянаваныя мерапрыемствы».

Цяпер на праўладных тэлеграм-каналах і ў аўтарскіх каналах беларускіх прапагандыстаў бадай кожны дзень зьяўляюцца допісы пра «выкрываньне ворагаў», якія працавалі ў прыватных школах.

На ўмовах ананімнасьці супрацоўнікі прыватных школ кажуць, што ўстановы былі закрытыя на падставе фармальных надуманых прычынаў. Кіраўніцтва прыватных школ ня страчвае надзею атрымаць ліцэнзіі на сваю дзейнасьць і аднавіць працу школ. Таму яны цяпер «у рэжыме цішыні».

«Мы лёгка атрымалі пасьведчаньне аб рэгістрацыі, але напярэдадні школьнага году нас „лёгка“ закрылі»

Супрацоўніца адной з прыватных школ (цяпер яна закрытая ўладамі, — РС) на ўмовах ананімнасьці распавяла Свабодзе пра спыненьне дзейнасьці ўстановы адукацыі.

«Мы адкрывалі школу некалькі гадоў таму. Канечне, трэба было сабраць неабходныя паперы, але не скажу, што працэс быў складаны. З адкрыцьцём у нас не было праблемаў. Тым больш мы мелі вельмі добры будынак, дзе было ўсё прадугледжана для школьнага навучаньня. Нават такія патрабаваньні камісій, як „ухіл сходу прамянёў сонца ў школьную клясу“. Але новы навучальны год так і не распачаўся», — кажа Марыя (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС).

Яна кажа, што школа пасьпяхова працавала, мела ўсе ўмовы для навучаньня і адпачынку дзяцей. Гэта, паводле Марыі, ацанілі і адмысловыя камісіі, якія наведвалі школу.

«Яны хадзілі па нашай школе і цокалі языком, бо сапраўды ўсё адпавядала нормам. Прыйшла камісія да нас напярэдадні новага школьнага году. Хадзілі, глядзелі, усё праверылі, сказалі, што ў нас усё вельмі добра. Потым даслалі дакумэнт, што школа наша закрываецца, цалкам і назаўсёды — нібыта за парушэньні санітарных нормаў. Усё, і ніякага абскарджаньня не прадугледжана. Іншым школам далі шанец працягнуць дзейнасьць „пасьля ліквідацыі недахопаў“. Нам такога шанцу не далі. Ды і якія заганы мы маглі бы зьліквідаваць, калі іх папросту не было?» — расказвае Марыя.

Яна кажа, што перад закрыцьцём школа прайшла працэдуру перарэгістрацыі.

«Цяпер пракуратура патрабуе ў нас сьпісы вучняў, будзе праводзіць нейкія праверкі. Карацей, яшчэ нічога ня скончана», — кажа былая ўжо супрацоўніца школы.

Яна дадала, што прыватная школа мела «і чырвона-зялёны сьцяг, і партрэт Лукашэнкі, і словы дзяржаўнага гімна на ўваходзе, але гэта не дапамагло нам».

«Подла было закрываць школу пасярод чвэрці»

У жыхаркі Менску Людмілы (імя зьмененае. — РС) дачка пайшла сёлета ў першую клясу прыватнай школы. Кажа, што нават не разглядалі варыянт ісьці ў дзяржаўную школу, «асабліва пасьля падзей 2020 году».

«Дачка месяц правучылася ў прыватнай школе, асвоілася, адаптавалася. Але прыйшла праверка і школу нашу закрылі. Дачка засмуцілася, бо ў яе ў школе пачалі сябры зьяўляцца, ды ёй і падабалася вучыцца. Асабіста я лічу, што подла закрываць школу пасярод чвэрці, гэта выбівае дзяцей з каляіны. Дзеці пачалі вучыцца, прывыклі, цяпер жа іх хочуць адправіць у школы з казарменным рэжымам», — кажа маці.

Адміністрацыя школы давяла да бацькоў інфармацыю, што за некалькі гадзін камісія знайшла парушэньні «там, дзе іх не было».

«Перад новым навучальным годам школа праходзіла пераатэстацыю і парушэньняў не было», — перадае маці.

Цяпер бацькі зьбіраюцца зьяжджаць зь Беларусі. «Мы пра гэта думалі і раней, але закрыцьцё ўстановы паскорыла нашы пошукі іншай школы для дачкі, цяпер ужо ў іншай краіне», — кажа жанчына.

«Гімназію закрылі раптоўна, цяпер шукаем, куды ўладкавацца»

Аксана (імя зьмененае. — РС) адна гадуе траіх дзяцей. Старэйшыя вучацца ў гімназіі непадалёк ад дому. Малодшага ў гімназію не ўзялі.

«У нас новы мікрараён, аддзел адукацыі „перарабіў“ свае „карты“, і мы сталі прыпісаныя да іншай гімназіі, якая далёка ад дому. У выніку некалькі месяцаў было так: ранкам вязу сына ў гімназію, потым забіраю, на гэта марную тры з паловай гадзіны! Тым часам трэба старэйшых пакарміць, урокі праверыць. Вырашыла перавесьці яго на індывідуальны плян, таму запісаліся ў прыватную гімназію», — расказала Аксана.

Як шматдзетная маці яна атрымала зьніжку пры аплаце ў гімназіі — атрымлівалася 70 рублёў у месяц на індывідуальным пляне.

«Праходзілі праграму. Нас усё задавальняла. Сёлета ў нас была трэцяя кляса. І тут як гром сярод яснага неба — гімназію закрылі. Нас запрасілі прыйсьці забраць дакумэнты. Што цяпер буду рабіць? Пайду ў аддзел адукацыі, зноў буду прасіць, каб малодшага ўзялі вучыцца ў блізкую да нас гімназію, дзе старэйшыя вучацца», — кажа Аксана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG