Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: філёзаф Уладзімер Мацкевіч напісаў у турме 2 кнігі, справу журналіста Генадзя Мажэйкі перадалі ў суд


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1333 чалавекі. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

На Канфэрэнцыі АБСЕ аб чалавечым вымярэньні ў Варшаве дачка палітзьняволенага філёзафа Ўладзімера Мацкевіча і прадстаўніца Цэнтру беларускай салідарнасьці Надзея Лучанок расказала апошнія навіны пра зьняволенага бацьку.

«У турме ён працягвае працаваць і пісаць. Ужо напісаны дзьве кнігі, але мы асьцерагаемся, што ўлады могуць канфіскаваць гэтыя тэксты і яны будуць страчаныя для навакольнага сьвету», — паведаміла Лучанок.

23 чэрвеня Менскі абласны суд прыгаварыў Мацкевіча да 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Судзьдзя Сяргей Епіхаў прызнаў яго вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 3611 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта). Працэс адбываўся з 9 чэрвеня ў закрытым рэжыме.

Філёзафу паставілі ў віну «грубае парушэньне грамадзкага парадку» падчас пратэставай акцыі ў Менску 25 кастрычніка 2020 году.

Таксама Мацкевіча абвінавацілі ў тым, што са жніўня 2020 году ён цягам году «стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фармаваньнем», у рамках якога «вырабляў і разьмяшчаў у Telegram-каналах, старонцы ў Facebook і плятформе „Сход“ матэрыялы, якія зьмяшчалі заведама лжывыя зьвесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, вайсковым, міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, а таксама нэгатыўную ацэнку прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў».

Акрамя таго, паводле вэрсіі абвінавачаньня, філёзаф нібыта абразіў Аляксандра Лукашэнку ў апублікаваным 7 траўня 2021 году відэароліку.

Уладзімер Мацкевіч — грамадзка-палітычны дзеяч, тэлевядоўца, заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы старшыня Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», заснавальнік «Лятучага ўнівэрсытэту» і член асноўнага складу Каардынацыйнай рады.

Справу журналіста Генадзя Мажэйкі накіравалі ў суд

Справа палітвязьня журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзя Мажэйкі перададзена ў Менскі гарадзкі суд, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Журналіста абвінавачваюць паводле арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці або варожасьці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.

Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста

  • У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
  • Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
  • Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
  • Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
  • 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
  • 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
  • 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG