Вашынгтон дасьць Кіеву новы пакет ваеннай дапамогі ў памеры 625 мільёнаў даляраў. Пра гэта заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, гаворыцца ў паведамленьні на сайце Белага дому.
Украіне будуць пастаўлены дадатковыя ўзбраеньні і абсталяваньне, у тым ліку 4 рэактыўныя сыстэмы залпавага агню HIMARS, боепрыпасы, бранятэхніка і транспартныя сродкі. Паводле зьвестак агенцтва Reuters, Кіеў атрымае 200 устойлівых да падрыву на міне тактычных колавых машын (MRAP).
Байдэн у гутарцы чарговы раз падкрэсьліў, што Вашынгтон ніколі не прызнае расейскую анэксію ўкраінскіх тэрыторый.
Прэзыдэнт ЗША вітаў угоду па вывазе прадуктаў харчаваньня з украінскіх партоў, заключаную летам пры пасярэдніцтве Турэччыны, і заклікаў да прадаўжэньня паставак збожжа і іншых прадуктаў на сусьветныя рынкі.
Офіс Зяленскага размову прэзыдэнтаў пакуль не пракамэнтаваў.
Размова прэзыдэнтаў дзьвюх краін адбылася на фоне анэксіі Расеяй украінскіх тэрыторый па выніках так званых рэфэрэндумаў, якія пярэчылі міжнароднаму праву і Статуту ААН. Іх вынікі, паводле апошніх зьвестак, прызнала толькі Паўночная Карэя. Большасьць краін сьвету раней заявілі, што анэксію не прызнаюць.