Праз новы газаправод Баўгарыя зможа атрымліваць ад 3 да 5 мільярдаў кубічных мэтраў газу з Азэрбайджану, а таксама звадкаваны газ з Грэцыі.
Адна з мэтаў праекту — зьніжэньне энэргетычнай залежнасьці Баўгарыі ад Расеі. На гэта зьвярнула ўвагу ў сваім выступе фон дэр Ляен, якая назвала запуск газаправоду «пераломным момантам» для энэргетычнай бясьпекі Баўгарыі і «пачаткам новай эры» для краіны і ўсёй паўднёва-ўсходняй Эўропы. «Ён азначае свабоду ад залежнасьці ад расейскага газу» — сказала кіраўніца Эўракамісіі. «У Баўгарыі і па ўсёй Эўропе людзі адчуваюць наступствы вайны, разьвязанай Расеяй, але дзякуючы такім праектам у Эўропы будзе дастаткова газу на зіму», — падкрэсьліла яна.
Як адзначае Баўгарская служба Радыё Свабода, газаправод пачаў працаваць праз 13 гадоў пасьля таго, як упершыню зьявілася ідэя яго стварэньня. Гэта адбылося зімой 2009 году, калі Расея ў аднабаковым парадку спыніла транзыт праз Украіну і на тыдзень пакінула рэгіён без паставак прыроднага газу. Увод у эксплюатацыю газаправоду адбыўся празь пяць месяцаў пасьля таго, як Расея ў аднабаковым парадку спыніла пастаўкі газу ў Баўгарыю з прычыны адмовы апошняй прытрымлівацца прапанаванай «Газпромам» схемы з адкрыцьцём рублёвага рахунку для аплаты.
3 мільярды кубамэтраў газу — гэта практычна ўсё гадавое спажываньне Баўгарыі. Магутнасьць газаправоду ў будучыні можа быць павялічана да 5 мільярдаў кубамэтраў, што дазволіць пастаўляць газ з Баўгарыі ў іншыя краіны, у прыватнасьці ў Румынію, Малдову ці Ўкраіну.
Будаўніцтва 182-мэтровага газаправоду з грэцкага Каматыні да Стара-Загоры было пачатае ў 2019 годзе і часткова прафінансаванае зь бюджэту Эўразьвязу.
- Запуск газаправоду адбыўся на фоне буйной аварыі на газаправодах «Паўночны паток», якую называюць наступствам дывэрсіі, і спыненьня паставак расейскага газу ў шэраг краін ЭЗ. У суботу італьянская кампанія Eni паведаміла аб поўным спыненьні паставак газу з Расеі — «Газпром», як сьцьвярджаецца, паведаміў ёй аб немагчымасьці транзыту газу праз Аўстрыю. Кампанія «Газпром» сьцьвярджае, што не змагла ажыцьцявіць пастаўкі 1 кастрычніка ў Італію, паколькі аўстрыйскі апэратар адмовіўся пацьвярджаць транспартаваньне заяўленага аб’ёму. Калі будуць адноўленыя пастаўкі — невядома.