Праваабарончы цэнтар «Вясна» з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляе пра затрыманьне 34-гадовага фаната менскага «Дынама» Антона Гамезы.
Паводле зьвестак сілавікоў, мужчына быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, у камэнтарах якіх нібыта абражаў супрацоўнікаў міліцыі.
Палітвязьня Аляксандра Целяшмана трымаюць у ШЫЗА 1,5 месяца
Праваабаронцы даведаліся пра ўзмацненьне ціску з боку адміністрацыі наваполацкай калёніі ў дачыненьні да палітвязьня Аляксандра Целяшмана.
Аляксандар знаходзіцца ў ПК-1 са студзеня. За гэты час яго тройчы зьмяшчалі ў штрафны ізалятар. Цяпер палітзьняволены ўтрымліваецца там з 16 жніўня.
Сваякі не атрымліваюць ад Аляксандра ніякай інфармацыі. Прычыны такіх спагнаньняў невядомыя.
Аляксандра абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» у Берасьці 9-10 жніўня 2020 году паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу.
Яму прызначылі 4 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму.
Дырэктару юрыдычнай фірмы за ўдзел у пратэставым маршы прысудзілі «хатнюю хімію»
31 жніўня палітзьняволенага дырэктара юрфірмы Арцёма Ламаносава асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ — «хатняй хіміі».
Судзьдзя Міхаіл Макарэвіч абвінаваціў Ламаносава «ва ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь яўным непадпарадкаваньнем прадстаўнікам улады» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Сьпявачка Мэрыем Герасіменка, якую затрымалі пасьля выкананьня песьні «Океану Ельзи» ў Менску, ня выйшла на волю пасьля адбыцьця арышту
Імаверна, на Мэрыем Герасіменку завялі крымінальную справу, піша «Вясна».
Паводле папярэдняй інфармацыі, сьпявачка цяпер знаходзіцца ў СІЗА-1 Менску. Які артыкул ёй інкрымінавалі, невядома.
Трэцяга жніўня ля бара «Банки-Бутылки» на вуліцы Зыбіцкай у Менску маладая сьпявачка Мэрыем Гера (сапраўднае прозьвішча — Герасіменка) выканала па-ўкраінску песьню гурту «Океан Ельзи». Прапагандысцкія тэлеграм-каналы абурыліся гэтаму, назваўшы яе выступ «бэчэбэшным шабашам», а саму выканаўцу — «змагарскай сьпявачкай ротам». Пасьля чаго і сьпявачка, і кіраўнік бара «Банки-бутылки» Андрэй Жук (бар лічыўся арганізатарам выступу) перасталі выходзіць на сувязь.
Са словаў аднаго з супрацоўнікаў бара, да іх прыходзілі ўсе магчымыя службы: прадстаўнікі санітарна-эпідэміялягічнай службы, МНС, а ўрэшце супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС.
Паводле «Вясны», першую справу Мэрыем разглядаў суд Цэнтральнага раёну Менску, тады ёй прысудзілі 15 сутак. Пазьней дзяўчыне прызначылі яшчэ 30 дзён арышту.
У Горадні пачынаецца суд над Юрыем Станеўскім, якога КДБ унёс у «тэрарыстычны сьпіс»
У Горадзенскім абласным судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы Юрыя Станеўскага, якога КДБ унёс у сьпісы асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці. Працэс узначальвае судзьдзя Анатоль Заяц.
Станеўскага абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 368 — абраза Лукашэнкі;
- ч. 370 — зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў;
- ч. 2 арт. 366 — гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі;
- арт. 369 — зьнявага прадстаўніка ўлады;
- ч. 1 арт. 130 — распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці;
- ч. 1 арт. 366 — гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак.
Палітвязьню Аляксандру Велясьніцкаму прысудзілі 2,5 года калёніі па «справе Зельцара»
Берасьцейскі абласны суд вынес рашэньне ў справе былога вайскоўца Аляксандра Велясьніцкага, якога абвінавацілі ў распальваньні варожасьці. Нагодай для затрыманьня стаў камэнтар, які Велясьніцкі нібыта пакінуў у «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале: «Ліквідаваны член злачыннай групоўкі КДБ. Загінуў наш. Слава герою».
Як нагадвае «Вясна», падчас суду мужчына адмовіўся ад ранейшых паказаньняў, паведаміў пра зьбіцьцё і пагрозы ў свой бок. Так, у дзень затрыманьня пінскія супрацоўнікі КДБ пагражалі прастрэліць яму ногі. У Менску на Акрэсьціна ён 3 дні ня мог спаць, камэра была душная і перапоўненая людзьмі. Затым, калі Аляксандра даставілі ў Жодзіна, супрацоўнікі турмы сталі ў шэраг, пачалі біць і нацкоўваць на яго сабак.
19 верасьня Лукашэнка пазбавіў Велясьніцкага, які ў жніўні 2020-га асудзіў гвалт сілавікоў і публічна адмовіўся ад мэдаля «За бездакорную службу», вайсковага званьня.
Сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава асудзілі трэці раз запар
31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзьверы ў кватэру праваслаўнага сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава і затрымалі яго.
На наступны дзень сьвятара асудзілі на 14 сутак арышту. Аднак 14 верасьня яго перазатрымалі па новым пратаколе і зноў асудзілі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай стаў рэпост з «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала.
Як паведамляе @christianvision, 16 верасьня над Уладзіславам адбыўся трэці суд. Вынікам сталі чарговыя 15 «сутак» арышту. Так, агулам за кратамі сьвятара будуць утрымліваць 44 дні. Таксама паведамляецца, што ён перахварэў у няволі на COVID-19.
Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык прыходу менскага храма Богаяўленьня, загадчык Царкоўна-гістарычнага музэю Беларускай праваслаўнай царквы, сябра Эпархіяльнага суду Менскай эпархіі. Гэты сьвятар вядомы як прыхільнік пераменаў у Беларусі.
Ён абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязьня журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а таксама на «плошчы Перамен» у Менску адпраўляў літыю па забітым мастаку Раману Бандарэнку.