Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 26 верасьня: зьявіліся падрабязнасьці катаваньняў стрыечнага брата Латушкі; выйшаў на волю дызайнэр Анатоль Лазар


Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Падрабязнасьці прымяненьня фізычнай сілы з боку сілавікоў у дачыненьні да палітвязьня былі агучаныя падчас суду, паведамляе «Вясна».

20 верасьня Анатоля Латушку, стрыечнага брата Паўла Латушкі, асудзілі на 6 гадоў калёніі і штраф у 300 базавых.

Раней праваабаронцы паведамлялі, што пасьля затрыманьня Анатоля білі.

Падрабязнасьці прымяненьня фізычнай сілы з боку сілавікоў у дачыненьні да палітвязьня былі агучаныя падчас суду, паведамляе «Вясна».

Так, з матэрыялаў справы вядома, што Латушку былі прычыненыя цялесныя пашкоджаньні супрацоўнікамі міліцыі ў будынку Цэнтральнага РУУС 31 студзеня 2022 году, адразу пасьля затрыманьня.

Паказаньні Анатоля зачытаў на працэсе судзьдзя Дзьмітры Карсюк.

Латушка падчас сьледзтва расказваў:

«31 студзеня каля 01:00 я быў затрыманы паблізу дома, даставілі ў Цэнтральнае РУУС, правялі на чацьвёрты паверх у адзін з кабінэтаў, далей пачалі камунікаваць супрацоўнікі, якія там знаходзіліся. Супрацоўнік надзяваў мне два разы на галаву поліэтыленавы пакет, пры гэтым яны тлумачылі, што хочуць атрымаць ад мяне нейкія зьвесткі, пра якія я сам ня ведаў. Хтосьці з супрацоўнікаў узяў у рукі дубінку, пачаў пагражаць ёй...» [судзьдзя прапускае частку тэксту].

«Пра ўдары нейкія, ня менш за 50 разоў...» — працягнуў судзьдзя.

«Казалі пра тое, што хочуць атрымаць ад мяне інфармацыю, што тычыцца нейкіх тэлеграм-каналаў. Я не разумеў, чаго ад мяне хочуць. Ад таго, што на мяне аказваюць фізычны ціск, я пагадзіўся даваць паказаньні, якія мне сказалі супрацоўнікі міліцыі. Пры гэтым па факце я названых злачынстваў не зьдзяйсьняў. У далейшым, калі я пачаў даваць паказаньні, фізычную сілу да мяне таксама супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі. Далей мяне спусьцілі ў дзяжурную частку, і на наступны дзень я працаваў са сьледчым. У далейшым фізычную сілу да мяне ніхто не ўжываў. Хачу ўдакладніць, што людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі ГУУС, пакінулі кабінэт да пачатку прымяненьня да мяне фізычнай сілы», — сказана ў тлумачэньні Анатоля Латушкі.

На судзе палітзьняволены пацьвердзіў гэтыя факты, паведамляюць праваабаронцы.

Паводле даных мэдыцынскіх дакумэнтаў СІЗА-1 ад 2 лютага, якія агучылі на працэсе, у Латушкі зафіксавалі шырокія гематомы ягадзіц з абодвух бакоў, задняй, унутранай і вонкавай паверхні сьцёгнаў з абодвух бакоў, якія ўтварыліся ад кантакту зь цьвёрдым тупым прадметам/прадметамі, індывідуальныя асаблівасьці якога ў дакумэнтах не зафіксаваныя.

Анатоль Латушка на судзе растлумачыў, што гематомы ўтварыліся менавіта ад удараў дубінкамі супрацоўнікамі міліцыі.

Затрымалі яшчэ аднаго былога сілавіка, яму пагражае 12 гадоў турмы

Пра гэта паведамляе «Наша ніва».

Івану Янчуку 26 гадоў. Ён родам з Кобрыні, у 2014 годзе ён паступіў у Акадэмію МУС на сьледча-экспэртны факультэт.

Пасьля навучаньня ў Акадэміі Янчук займаў пасаду сьледчага ў Маларыце, пасьля перавёўся сьледчым у Кобрынскі РАУС.

Паводле інфармацыі зь відэа ГУБАЗіКу, ён звольніўся з сілавых структураў і заняўся майнінгам крыптавалют. Як сьцьвярджаюць сілавікі, Янчук перадаваў інфармацыю пра сваіх калегаў розным тэлеграм-каналам. Цяпер ён затрыманы, яму пагражае да 12 гадоў турмы паводле ч.3 арт.130 крымінальнага кодэксу «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы».

Частка 3 артыкулу прадугледжвае адказнасьць за дзеяньні, учыненыя групай асобаў альбо такія, якія мелі наступствам сьмерць чалавека ці іншыя цяжкія наступствы.

Затрыманы супрацоўнік «Гродна Азот» Юры Холад

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Холада затрымалі каля «Гродна Азот», дзе ён працуе. Яму інкрымінавалі падпіску на «экстрэмісцкія» Telegram-каналы і распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Юры нібыта прызнаў віну і паабяцаў усё выдаліць. Па словах сілавікоў, Холад адпраўлены пад адміністрацыйны арышт.

Супраць аршанца спынілі справу за абразу Лукашэнкі

Суд Аршанскага раёну 26 верасьня спыніў крымінальную справу ў дачыненьні да мясцовага жыхара Арцёма Новікава, якога вінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу).

Судзьдзя Юлія Вяршыніна адзначыла, што ад моманту зьдзяйсьненьня злачынства — 17 жніўня 2020 году — прайшло два гады, а гэта тэрмін даўнасьці паводле артыкулу за абразу. У сувязі з гэтым судзьдзя вырашыла спыніць справу, паведамляюць праваабаронцы.

Абвінавачаны на суд не зьявіўся, бо працуе за межамі Беларусі.

Вызвалілі дызайнэра Анатоля Лазара

«Дызайнер Анатоль Лазар на волі! Ён адбыў арышт у адміністрацыйнай справе за „хуліганскія дзеяньні“. Настрой у Анатоля бадзёры», — паведаміў тэлеграм-канал @by_culture.

Пра затрыманьне дызайнэра, рэкляміста, выдаўца Анатоля Лазара стала вядома 11 верасьня. Паведамлялася, што дома ў яго адбыўся ператрус, забралі кампутар і тэлефон.

Праз час зьявілася інфармацыя, што Лазара арыштавалі на 15 сутак.

Раней Анатоля ўжо затрымлівалі — у студзені 2021 году яго забіралі ў ДФР, нібыта каб праверыць, ці заплаціў ён падаткі.

Анатоль Лазар, вядомы пад творчым псэўданімам Wiecier Mechaniczny, — сузаснавальнік і выдавец музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў», быў партнэрам і кіраўніком менскай студыі рэклямы і дызайну «Адліга».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG