Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што апанэнты Лукашэнкі могуць прапанаваць Украіне? Кавалеўскі расказаў, пра што гутарыў з украінскімі ўладамі


Валер Кавалеўскі падчас прэс-брыфінгу ў Кіеве 18 кастрычніка 2022
Валер Кавалеўскі падчас прэс-брыфінгу ў Кіеве 18 кастрычніка 2022

Кіраўнік прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў Кіеве Валер Кавалеўскі расказаў Свабодзе, чаму яго ўлетку не ўпусьцілі ва Ўкраіну, выказаўся пра ўкраінскую ініцыятыву ўвесьці візы для грамадзян Беларусі і апошнія гучныя заявы ўкраінскіх палітыкаў.

Прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеве створана яшчэ вясной. Цяпер прадстаўніцтва мае свой офіс, а ягоны кіраўнік Валер Кавалеўскі праводзіць перамовы з прадстаўнікамі заканадаўчых і выканаўчых структур, а таксама грамадзкімі суполкамі Ўкраіны.

У адрозьненьне ад прадстаўніцтва дэмакратычных сіл у Брусэлі, дзе з офісам дапамог урад Фляндрыі, у Кіеве памяшканьне арандуецца за кошт уласнага бюджэту.

«Узровень сустрэч годны»

— Спадар Валер, вы цяпер стала будзеце знаходзіцца ў Кіеве?

— Гэта будзе залежаць ад календара міжнародных паездак: паколькі я прадстаўнік у міжнародных справах, гэта патрабуе шмат падарожжаў, найчасьцей гэта Заходняя Эўропа, часам — Паўночная Амэрыка, і гэта азначае, што часам давядзецца выяжджаць. Мы разумеем, якія цяпер складанасьці зь лягістыкай вакол Украіны, але стараюся тут знаходзіцца як мага больш часу.

— З кім вы ўжо сустракаліся ў Кіеве і на якім узроўні праходзяць сустрэчы?

— Сустракаемся і з дэпутатамі Вярхоўнай Рады, і з прадстаўнікамі выканаўчай улады. Не магу называць гэтыя ўстановы, бо гэта закрытыя сустрэчы, але ўзровень годны — той, на якім мы можам абмяркоўваць пазыцыі і дабівацца нейкіх зрухаў у гэтых пазыцыях. Сустракаліся таксама з прадстаўнікамі экспэртнай супольнасьці, з мэдыя. Стараемся, каб гэтыя кантакты пашыраліся і былі практычнымі. З дыяспарай былі сустрэчы. Кола вельмі разнастайнае.

Аб адмове ва ўезьдзе ва Ўкраіну

— У жніўні вам адмовілі ва ўезьдзе ва Ўкраіну, а некаторыя крыніцы паведамлялі, што вам нават забаранілі ўезд. Чаму і як вы вырашылі гэтае пытаньне?

— Забароны не было. Не было штампа, ніякага статусу накшталт «пэрсона нон грата». Як вы бачыце, цяпер я ў Кіеве. Тады была тэхнічная сытуацыя, і мы разумеем, чаму да беларусаў асаблівае стаўленьне. У мяне няма віду на жыхарства ва Ўкраіне, але, паколькі ў нас пакуль бязьвізавы рэжым, я магу тут знаходзіцца пэўны час. Пытаньне толькі ў тым, што на мяжы ўспрыняцьце беларускага пашпарта цяпер досыць напружанае, таму што Лукашэнка ўцягнуў беларусаў у гэтую вайну. Рэакцыя ўкраінскіх памежнікаў абсалютна зразумелая.

Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі

Аб супрацы з уладамі Ўкраіны і полкам Каліноўскага

— Цяпер ва Ўкраіне досыць актыўна абмяркоўваюцца даволі контравэрсійныя варыянты супрацы пасьля ініцыятывы Ціханоўскай аб стварэньні беларуска-ўкраінскага альянсу. Ваш калега-дыплямат, цяпер дэпутат Вярхоўнай Рады Багдан Яроменка лічыць, што Ўкраіна мусіць весьці перамовы і дамаўляцца з палком Каліноўскага, а не зь пераходным кабінэтам. Можа, прапанова аб альянсе, як кажуць ва Ўкраіне, цяпер несвоечасовая?

— Сама прапанова аб альянсе абсалютна слушная. Мы да гэтага ішлі доўгі час. Мы адразу гаварылі аб неабходнасьці партнэрства, якое дапаможа вырашаць праблемы сёньняшняга дня і рыхтаваць нашыя краіны да будучыні. Мы разумеем, што альянс ня можа быць створаны праз адну заяву. Гэта больш пільная і глыбокая праца. Партнэрства або альянс, можна называць гэта па-рознаму, мае сэнс менавіта сёньня, таму што разам мы можам зрабіць больш. Тут мы можам павялічыць і свае магчымасьці і дапамагаць украінскаму боку па цэлым шэрагу кірункаў.

А наконт ініцыятывы спадара Яроменкі, што трэба прызнаваць полк Каліноўскага... Мы будзем вітаць і гэта, таму што полк — гэта сапраўдная сіла, дзе людзі робяць справу ва Ўкраіне, якая цяпер найважнейшая — змагаюцца са зброяй супраць акупантаў. Разам з тым гэта не павінна выключаць таго, што мусяць разьвівацца дачыненьні і з палітычнымі структурамі. І ў гэтым сэнсе Кабінэт і Сьвятлана Ціханоўская, якая ім кіруе і мае ўнутраную і міжнародную легітымнасьць, — найбольш прыдатны партнэр для такіх дачыненьняў. Мы да гэтага падрыхтаваныя і вядзём дыялёг. Я ўпэўнены, што мы знойдзем паразуменьне і будуць тыя формы, якія нас будуць прасоўваць далей.

Больш за тое, магу сказаць, што супраца адбываецца на розных кірунках. Інфармацыйная праца, найперш, і практычныя сфэры апрацоўваюцца досыць даўно і стала. І мы гатовыя рабіць больш.

Адно другому не павінна супярэчыць. Ёсьць ваенізаваная арганізацыя, полк Каліноўскага, якая робіць сваю справу для Ўкраіны, але гэта не выключае таго, што мы можам супольна рабіць агульную справу.

«Увядзеньне віз павялічыць адлегласьць між беларусамі і ўкраінцамі»

— Нядаўна прэзыдэнт Украіны Зяленскі даручыў ураду разгледзець пытаньне аб увядзеньні візавага рэжыму зь Беларусьсю. Ці маеце вы альгарытм дзеяньняў на выпадак скасаваньня бязьвізавага рэжыму, бо ўсё ж на ўкраінскай тэрыторыі застаецца яшчэ шмат грамадзян Беларусі, якія, пэўна, будуць мець яшчэ большыя праблемы зь легалізацыяй ва Ўкраіне?

— На практычным узроўні, здаецца, што гэта не павінна было б быць сур’ёзнай праблемай, бо цяпер ня так шмат беларусаў заяжджае ва Ўкраіну. Атрыманьне візы — гэта ў пэўным сэнсе вэрыфікацыя таго, што чалавек правераны, яму можна давяраць, і што праезд мяжы будзе для яго адкрытым...

— Але віза гэтага ня будзе гарантаваць.

— Так, але гэта тычыцца любой візы любой краіны. Любая краіна можа адмовіць ва ўезьдзе ў некаторых выпадках. Тым ня менш, калі казаць пра палітычны ці сымбалічны бок гэтай ініцыятывы, то, вядома, ён будзе павялічваць умоўную адлегласьць між беларусамі і ўкраінцамі, бо бязьвізавы статус — гэта якраз паказчык таго, што народы блізкія, што яны давяраюць і маюць цесныя дачыненьні. Цяпер той момант, калі нам, наадварот, трэба больш збліжацца і падтрымліваць адзін аднаго. А сымбалічна гэты крок быў бы нясвоечасовым, на наш погляд, я маю на ўвазе Кабінэту, мы б яго не падтрымлівалі. Застаецца адкрытым пытаньне, як гэта можа адбіцца на інтарэсах тых беларусаў, якія знаходзяцца ва Ўкраіне і ня маюць віду на жыхарства. Вядома, мы будзем імкнуцца да таго, каб іхныя інтарэсы не пацярпелі і ўкраінскія ўлады ўлічылі, што гэтыя людзі заехалі раней і жывуць тут.

— Ці плянуе Кабінэт зьвярнуцца да ўкраінскага ўраду з пэўнымі прапановамі?

— Такую пазыцыю Кабінэт ужо апублікаваў. І мне таксама ў часе сустрэч атрымалася давесьці нашую пазыцыю. Мяркую, што будуць і іншыя магчымасьці і формы давядзеньня гэтай інфармацыі. Пытаньне актуальнае, і мы будзем працаваць зь ім.

Аб міжнародных ініцыятывах цяпер і на будучыню

— А ў якіх кірунках, апроч інфармацыйнага, вы прапануеце Ўкраіне супрацу? Вы перадавалі нейкія афіцыйныя прапановы ці міжнародныя ініцыятывы, напрыклад у МЗС Украіны?

— Іншыя кірункі вельмі шырокія і важныя. Гэта і вайскова-палітычная, і ваенная супраца — гэта і стварэньне належных умоў для разьвіцьця добраахвотніцкага руху ва Ўкраіне, для гэтага трэба вырашыць пэўныя практычныя пытаньні, якія тычацца і легалізацыі, і грамадзянства Ўкраіны, што забясьпечыла б добраахвотнікаў дадатковымі гарантыямі. Мы гаворым пра вайскова-палітычную супрацу і якім чынам можна спрыяць таму, каб беларусы атрымлівалі належную вайсковую падрыхтоўку. Украіна ў гэтым сэнсе мае магчымасьці.

Можам гаварыць і аб міжнароднай супрацы. Тут мы кажам і пра супольныя намаганьні ў важных для нас пытаньнях, напрыклад пра супрацу ў ААН над ініцыятывай пазбавіць Расею пастаяннага сяброўства ў Радзе Бясьпекі, у пытаньнях санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, гэта трыбунал для Пуціна і Лукашэнкі. Тут патрэбна пэўная сынхранізацыя, таму што Лукашэнку вельмі часта ўдаецца «пралятаць» пад радарамі, хаця ён зьяўляецца канкрэтным удзельнікам гэтай вайны і безь яго вайна не пачалася б.

Можам гаварыць і пра пэўныя рэгіянальныя фарматы. Напрыклад, Люблінскі трохкутнік, які больш правільна было б назваць Люблінскай «чацьвёркай» — безь Беларусі яна заўсёды будзе няпоўнай. Мы таксама можам гаварыць аб Балта-Чарнаморскім саюзе, на будучыню. Гэта тыя ініцыятывы, якія зробяць нас бліжэй і дазволяць выстройваць зусім іншую якасьць дачыненьняў. І гэта можна пачынаць абмяркоўваць ужо зараз, каб мы былі падрыхтаваныя да гэтага і разумелі, куды мы ідзём.

Аб імаверным далучэньні Лукашэнкі да вайны і пляне «Перамога»

— Кіраўнік КДБ заявіў, што Ўкраіна рыхтуе ў лістападзе напад на Беларусь. Ва Ўкраіне некаторыя экспэрты расцанілі гэта як папярэджаньне аб тым, што Лукашэнка ўжо ўхваліў рашэньне далучыцца да вайны разам зь беларускай арміяй.

— Мы мусім зыходзіць з найбольш нэгатыўнага сцэнара і цяпер распрацоўваем свае пляны дзеяньняў рэагаваньня на гэтую сытуацыю — палітычнага і практычнага, на міжнародным узроўні, у Беларусі, ва Ўкраіне. Частка гэтых плянаў будзе закрытай, частка — апублікаваная найбліжэйшым часам.

— Ці вядзецца пра тое, што плян «Перамога» будзе абвешчаны для рэалізацыі адразу пасьля такога далучэньня беларускага войска да вайны супраць Украіны на баку Расеі?

— Гэтая інфармацыя застанецца закрытай да таго моманту, пакуль плян трэба будзе запускаць і рэалізоўваць. Будзе безадказна заўчасна аб гэтым казаць.

Аб магчымай сустрэчы Ціханоўскай і Зяленскага

— Ці магчымая сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з украінскім прэзыдэнтам і калі?

— Вядома ж. Тады, калі ўкраінскі бок будзе гатовы, калі ён выкажа сваю гатоўнасьць і будуць створаныя адпаведныя ўмовы. Для таго, каб Сьвятлана Ціханоўская прыехала ва Ўкраіну, патрэбныя запрашэньне і жаданьне ўкраінскай улады яе тут пабачыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG