Больш за 60% стронцыю і цэзію распаліся за 39 гадоў пасьля катастрофы на ЧАЭС. Разам з тым у зонах радыяктыўнага забруджваньня цяпер жыве амаль мільён чалавек, расказала на прэс-канфэрэнцыі намесьніца начальніка ўпраўленьня па абыходжаньні з радыяактыўнымі адыходамі і аб’ектамі ядзернай спадчыны Дзяржатамнагляду Беларусі Кацярына Шмялёва.
Паводле яе слоў, праз 39 гадоў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС распалася 60% ад усяго цэзію-137, які выпаў, і каля 62% стронцыю-90.
Агульная плошча радыяактыўнага забруджваньня цяпер складае каля 12% ад тэрыторыі Беларусі — каля 25 тысяч квадратных кілямэтраў. У зонах радыяактыўнага забруджваньня знаходзіцца 1859 населеных пунктаў, у якіх жыве 930 тысяч чалавек, у тым ліку 181 тысяча дзяцей.
Паводле прадстаўніцы Дзяржатамнагляду, радыяцыйнае становішча на забруджаных тэрыторыях з часам паляпшаецца. Праўда, гэта ня тычыцца зоны Палескага запаведніка — яе ў агляднай будучыні не плянуюць залучаць у гаспадарчы абарот.
Паводле яе, з 2023 году ў Беларусі ўвялі паняцьце аб’екту ядзернай спадчыны. Такім абʼектам прызналі тэрыторыю Палескага дзяржаўнага радыяцыйнага экалягічнага запаведніка, на якой засяроджана 97% плютонію і 73% стронцыю. Па-за межамі радыяцыйнага запаведніка да абʼектаў ядзернай спадчыны аднесьлі тэрыторыі, зь якіх адсялілі людзей і на якіх усталявалі кантрольна-прапускны рэжым, — такія тэрыторыі ёсьць у 8 раёнах Гомельскай і ў 5 раёнах Магілёўскай вобласьцяў. Агульная плошча такіх тэрыторыяў, уключаючы радыяцыйны запаведнік, складае 4,3 тыс. кв. км.
У суботу 26 красавіка 1986 году, у 1:23:47 гадзін, на 4-м энэргаблёку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ва Ўкраінскай ССР адбыўся выбух, які цалкам разбурыў атамны рэактар. Як мяркуюць экспэрты, выбух выкінуў у атмасфэру 97% радыеактыўнага паліва, якое на той час знаходзілася ў рэактары.
Выбух на Чарнобыльскай АЭС расцэньваецца як найбуйнейшая ў сваім родзе аварыя за ўсю гісторыю атамнай энэргетыкі, як паводле колькасьці загінулых і пацярпелых ад яе наступстваў людзей, так і паводле нанесенай ёю эканамічнай шкоды.
Форум