Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ІТ-кампаніі ў Літве працягваюць скарачаць каманды, Wargaming — у топе па адтоку


Сымболіка кампаніі Wargaming. Ілюстрацыйная выява
Сымболіка кампаніі Wargaming. Ілюстрацыйная выява

З пачатку 2025 году літоўскія офісы страцілі сумарна больш за 100 спэцыялістаў, вынікае са зьвестак сэрвісу rekvizitai.vz.lt.

Пра гэта піша выданьне Dev.by.

На пачатак году ў больш як 20 вядомых ІТ-кампаніях зь беларускімі каранямі было агулам зарэгістравана больш за 3,4 тысячы супрацоўнікаў, цяпер іх менш за 3,3 тысячы.

Больш за ўсё спэцыялістаў са студзеня гэтага году страцілі ІТ-кампаніі, якія займаюцца распрацоўкай гульняў. У прыватнасьці, толькі зь віленскага офісу Wargaming сёлета сышлі 34 супрацоўнікі (са студзеня па красавік іх колькасьць скарацілася з 835 да 801).

Пры захаваньні такіх тэмпаў адтоку (каля 10 супрацоўнікаў за месяц) да канца году літоўская каманда можа скараціцца да 700 спэцыялістаў, адзначае выданьне. У той жа час кампанія працягвае наймаць людзей: на сайце Wargaming ёсьць 16 вакансіяў для працы ў Літве з указаньнем заробкаў, у залежнасьці ад пазыцыі яны вагаюцца ад 2,5 да 7 тысяч эўра.

З кампаніі МА (экс-Melsoft LT) таксама сышлі 34 чалавекі: у пачатку году ў кампаніі працавала амаль 194 чалавекі, на сёньня ўжо 160.

У топ-3 па колькасьці звольненых супрацоўнікаў у Літве з пачатку 2025 году — EPAM. За мінулы год літоўская каманда скарацілася амаль на 180 чалавек (мінус 12,5%). Цяпер у двух філіях (у Вільні і Коўне) зарэгістравана каля 1,2 тысячы супрацоўнікаў. Са студзеня каманда страціла каля 20 спэцыялістаў.

З топ-10 найбуйнейшых ІТ-кампаній зь беларускімі каранямі ў Літве толькі ў двух лік супрацоўнікаў вырас з пачатку году: у літоўскім офісе Gurtam каманда павялічылася з 218 да 225 чалавек, у кампаніі Godel — c 90 да 99.

За мінулы год ІТ-сэктар Літвы страціў больш за 400 беларускіх айцішнікаў. За гэты год адток можа аказацца такім жа, прагназуе Dev.by.

На адток айцішнікаў зь Літвы працягвае ўплываць міграцыйная палітыка літоўскіх уладаў у дачыненьні да беларусаў, адзначае выданьне. За мінулы год амаль 600 беларусаў прызналі «пагрозай для нацыянальнай бясьпецы» Літвы. Сярод іх ёсьць і айцішнікі.

Сёлета за першы квартал у Літве стала значна менш беларусаў з дазволам на жыхарства. Па стане на 1 красавіка ў Літве заставалася 53 739 грамадзян Беларусі зь дзейным ДНЖ — гэта на 3772 чалавекі менш, чым было ў пачатку году. Для параўнаньня: за ўвесь 2024 год колькасьць беларусаў з ДНЖ у Літве скарацілася на 4656 чалавек.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG