Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, на 10:00 раніцы 22 красавіка ў пункце пропуску «Берасьце» выезду ў бок Польшчы чакала 900 легкавых аўтамабіляў.
Невялікія чэргі легкавікоў ёсьць і на выезд зь Беларусі ў Літву: на 10:00 раніцы 22 красавіка ў пункце пропуску Каменны Лог стаялі 40 аўтамабіляў, у Беняконях — 20. Чэргаў на выезд у Латвію няма.
Захоўваюцца і чэргі фураў на выезд зь Беларусі. На 10:00 уезду ў Эўразьвяз чакалі 2630 грузавікоў, больш за ўсё на беларуска-польскай мяжы:
- 1400 фураў — у пункце пропуску Казловічы – Кукурыкі (Польшча),
- 460 фураў — Беняконі – Салечнікі (Літва),
- 370 фураў — Каменны Лог – Меднікі (Літва),
- 400 фураў — Грыгораўшчына – Патэрніекі (Латвія).
Чэргаў аўтобусаў на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу цяпер няма.
На беларуска-польскай мяжы дзейнічае электронная чарга, таму фізычна быць побач з пунктам пропуску ня трэба — дастаткова зарэгістравацца і чакаць выкліку, але на гэта можа ісьці даволі шмат часу, адзначае выданьне Most.
Напрыклад, адзін з карыстальнікаў Telegram-чату МяжаBY напісаў, што зарэгістраваўся ў зоне чаканьня 21 красавіка ў 10:55, атрымаўшы нумар 260 (у той час чэргі былі прыкладна такімі), але праз 12 гадзін усё яшчэ чакаў выкліку і быў на той момант сотым.
Нават каб проста зарэгістравацца ў чарзе на выезд у бок Польшчы на аўтамабілі, трэба пачакаць. Увечары 21 красавіка на гэта магло пайсьці 4-6 гадзін, але да раніцы 22 красавіка «чарга на рэгістрацыю ў чарзе» разышлася.
Пасьля выкліку з электроннай чаргі ў зону чаканьня людзі праходзяць мяжу па-рознаму, адзначае выданьне. Некаторыя паведамляюць, што памежны і мытны кантроль зь беларускага і польскага боку здолелі прайсьці сумарна за 2 гадзіны з даволі павярхоўным надглядам, у іншых гэта заняло 7,5 гадзіны — з дбайным надглядам на польскім баку.
8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два літоўскія памежныя пераходы — у Медніках і Салечніках.
Пасьля палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
На гэты момант на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін пераход для грузавых аўтамабіляў: Казловічы — Кукурыкі, а таксама адзін для легкавога транспарту і аўтобусаў: Берасьце – Тарэспаль. Так, на зімовыя сьвяты чэргі на выезд зь Беларусі праз гэты пункт перавышалі 2500 легкавых аўтамабіляў і 100 аўтобусаў. Польшча цяпер не разглядае пытаньня адкрыцьця пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю з прычыны браку крокаў насустрач у вострых пытаньнях з боку Менску, заявіў у студзені кіраўнік МУС Польшчы Томаш Семоняк.
19 верасьня 2023 году з прычыны наплыву нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).
Форум