Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палату прадстаўнікоў паступіў законапраект аб пазбаўленьні грамадзянства. Аб амністыі пакуль няма


Аляксандар Лукашэнка і Уладзімер Андрэйчанка
Аляксандар Лукашэнка і Уладзімер Андрэйчанка

Пра гэта заявіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка.

Паводле яго слоў законапраект «Аб грамадзянстве» ужо паступіў у Палату прадстаўнікоў.

«У Палату прадстаўнікоў ужо паступіў законапраект аб грамадзянстве, чакаецца праект закона аб амністыі. Гэта тыя пытаньні, якія цяпер маюць асаблівае гучаньне, закранаюць нацыянальную бясьпеку нашай дзяржавы. Таму дэпутатам трэба вельмі ўзважана і ўважліва паглядзець іх праз прызму забесьпячэньня стабільнасьці і спакою ў грамадзтве», – сказаў Уладзімер Андрэйчанка на пасяджэньні Савета Палаты прадстаўнікоў, якое пачалося на 10 дзён раней звычайнага тэрміну.

Сэсія Палаты прадстаўнікоў пачнецца 20 верасьня, звычайна першы дзень сэсіі прызначаюць на першы панядзелак кастрычніка.

Раней улады заявілі, што амністыя з нагоды Дня народнага адзінства закране да 8 тысяч чалавек, у тым ліку і палітзьняволеных. Таксама на працягу апошніх месяцаў Лукашэнка неаднаразова падымаў тэму пазбаўленьня грамадзянства тых, хто зьехаў за мяжу. Так, паводле БелТА, у падрыхтаваным законапраекце аб зьмяненьні закону «Аб грамадзянстве» прапанавалася абмяжоўваць правы і свабоды грамадзян Беларусі, якія маюць яшчэ нейкія грамадзянствы, у выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй і заканадаўчымі актамі.

Лукашэнка правёў нараду, на якой абмяркоўвалі магчымую амністыя да Дня народнага адзінства (новага дзяржаўнага сьвята, прызначанага на 17 верасьня), а таксама аб зьменах у закон «Аб грамадзянстве».

Падчас нарады міністар унутраных спраў Кубракоў раскрыў дэталі законапраекту аб зьменах у закон «Аб грамадзянстве».

«Уводзіць абавязак грамадзянам рэспублікі інфармаваць кампэтэнтныя органы аб набыцьці грамадзянства замежнай дзяржавы або атрыманьні віду на жыхарства або іншага дакумэнта замежнай дзяржавы, які дае права на льготы або іншыя перавагі (напрыклад, „карты паляка“)», — заявіў на нарадзе міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.

«Прадугледжваецца магчымасьць страты асобай, якая знаходзіцца за межамі Беларусі, беларускага грамадзянства, набытага ў тым ліку і паводле нараджэньня, пры наяўнасьці выраку суду Рэспублікі Беларусь, які набыў законную моц, пацьвярджае ўдзел такой асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьня ёй цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь згодна зь пералікам артыкулаў, якія будуць выкладзеныя ў законе.

Прапануецца, што такое рашэньне будзе прымацца кіраўніком дзяржавы па прапанове камісіі ў пытаньнях грамадзянства. У далейшым адносна „экстрэміста“, які страціў грамадзянства Беларусі, прапануецца прымаць рашэньне аб забароне ўезду ў краіну на тэрмін да 30 гадоў. МУС разьлічвае на прафіляктычны эфэкт гэтай заканадаўчай ініцыятывы», — сказаў міністар Кубракоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG