7 верасьня дзяржаўны перавозчык «Менсктранс» паведаміў, што абмяжоўвае продаж квіткоў на міжнародныя рэйсы для ўладальнікаў нацыянальных візаў катэгорыі D краін-удзельніц Эўразьвязу.
Пры гэтым у «Менсктрансе» прычынаў такога кроку не патлумачылі. Новаўвядзеньне адразу ж выклікала хвалю пытаньняў у беларусаў, якія карыстаюцца міжнароднымі аўтобуснымі рэйсамі. На дадзены момант гэта адзіны, акрамя асабістага транспарту, спосаб перасекчы мяжу Беларусі з Эўразьвязам. Квіткі на аўтобусы «Менсктрансу» больш не прадаюць у касах аўтавакзалаў без прад’яўленьня візы. Дадаткова візы спраўджваюць кіроўцы аўтобусаў.
«Кажуць, у апошнія дні дваіх пасажыраў на мяжы разьвярнулі, — напісаў адзін з карыстальнікаў чата беларусаў у Вільні. — Канкрэтыкі ня ведаю, але крыніцы давяраю».
Іншыя карыстальнікі чата рэлякантаў удакладняюць, што праблемы ва ўладальнікаў польскіх нацыянальных візаў узьнікаюць празь нежаданьне «Менсктранса» пускаць іх у аўтобусы, якія едуць у Вільню зь Менску. Людзям прапаноўваюць здаваць ужо набытыя квіткі і дабірацца да Польшчы іншым шляхам.
Што такое нацыянальная віза катэгорыі D?
Віза катэгорыі D — гэта віза, выдадзеная канкрэтнай краінай-удзельніцай ЭЗ для працяглага знаходжаньня на сваёй тэрыторыі. Яна не забараняе наведваць іншыя краіны Эўразьвязу, альбо Шэнгенскага пагадненьня, аднак мае іншыя мэты. Візы катэгорыі D звычайна выдаюць студэнтам, удзельнікам праграм культурнага абмену, такую катэгорыю таксама маюць працоўныя і гуманітарныя візы. Галоўнае адрозьненьне ад турыстычных візаў палягае ў працягласьці дазволенага знаходжаньня на тэрыторыі краіны, якая такую візу выдала. Яна можа складаць і 180, і нават 365 дзён. Мультышэнген звычайна дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі Эўразьвязу ня больш як 90 дзён са 180, нават калі такая віза выдадзеная тэрмінам на год і больш.
Да катэгорыі D належаць і гуманітарныя візы, якія пасьля падзей 2020 году беларусам сталі масава выдаваць улады Польшчы і Літвы. На дадзены момант гэта адзіны тып візаў, які грамадзяне Беларусі могуць атрымаць у амбасадах згаданых краін.
Ці пускаюць у Літву з польскай нацыянальнай візай катэгорыі D і наадварот?
Пускаюць. Аднак супрацоўнікі памежнай службы маюць права ўдакладніць мэту візыту і распытаць пра далейшы маршрут. Як правіла, дастаткова паведаміць, што канчатковая мэта вашага падарожжа — тая краіна, якая выдала нацыянальную візу катэгорыі D. Пры гэтым польская нацыянальная віза дазваляе легальна знаходзіцца на тэрыторыі іншай краіны Эўразьвязу на працягу 90 дзён, у тым ліку і ў Літве.
На практыцы літоўскія і польскія памежнікі часта прапускаюць грамадзян Беларусі з гуманітарнымі візамі катэгорыі D без дадатковых удакладненьняў. Пытаньні могуць узьнікаць да ўладальнікаў працоўных візаў D, якія, акрамя візы, мусяць мець таксама копію працоўнага кантракту, але чамусьці ня могуць яе паказаць.
Як рэагуюць на візы катэгорыі D прыватныя перавозчыкі?
Як стала вядома Свабодзе, прыватныя перавозчыкі пакуль не абмяжоўваюць пасадку ў свае аўтобусы тых пасажыраў, якія маюць нацыянальныя візы катэгорыі D. Кіроўцы і ст’юарды маюць права папрасіць паказаць дзейную візу, а таксама спраўдзіць пашпартныя дадзеныя, аднак на аўтобус да Вільні з польскай візай вас пасадзяць.
«Наша кампанія прымае на пасадку такіх пасажыраў, — паведамілі ў беларускім прадстаўніцтве буйнога перавозчыка Ecolines. — Ніякіх абмежаваньняў пакуль няма, неабходна мець дзейны пашпарт і візу краіны Эўразьвязу».
Тое самае гавораць і іншыя прыватныя перавозчыкі, якія возяць людзей з гарадоў Беларусі ў краіны Эўразьвязу, пераважна ў Літву і Польшчу. Абмежаваньні пакуль наклалі толькі дзяржаўныя кампаніі. Як расказаў Свабодзе супрацоўнік турыстычнай сфэры, накладзенае «Мінсктрансам» абмежаваньне — гэта хутчэй спосаб перастрахавацца ад дадатковых затрымак на мяжы, зьвязаных з праверкамі пасажыраў.
Кошт паездкі зь Менску да Вільні застаецца пры гэтым адносна высокі, за квіток трэба аддаць каля 31–35 эўра. Утрая даўжэйшая па кілямэтражы паездка зь Вільні да Варшавы на аўтобусе каштуе каля 20–25 эўра.