Упершыню пра сына Лукашэнкі грамадзкасьць даведалася 12 красавіка 2008 году. «Калі гаварыць пра пераемніка, то буду рыхтаваць самага маленькага — унікальны чалавек», — сказаў ён. Літаральна праз пару дзён Коля зьявіўся з татам на рэспубліканскім суботніку, які адбываўся падчас будоўлі «Менск-Арэны». Малы дапамагаў Лукашэнку заліваць бэтон. На той момант Мікалаю было тры гады і восем месяцаў.
У той час Аляксандар Лукашэнка супрацоўнічаў з брытанскім паліттэхнолягам лордам Тымаці Бэлам. Некаторыя лічаць, што ідэя браць з сабой паўсюль малодшага сына належала менавіта Бэлу. Сам лорд Бэл на гэтую тэму не выказваўся, ён памёр у 2019 годзе.
«Мой хвост»
Дзяржаўныя СМІ падалі факт зьяўленьня Мікалая Лукашэнкі як само сабой зразумелы. Яны ня сталі тлумачыць, хто маці хлопчыка. Сам Лукашэнка пра гэта таксама не гаварыў.
У інтэрвію расейскай «Камсамолцы» ён толькі адзначыў, што маці працуе лекарам. Лукашэнка казаў, што Коля паўсюль ходзіць зь ім: «Ні з кім ня можа застацца, мой хвост».
Журналісты выказвалі думку, што маці Мікалая можа быць былая асабістая доктарка Лукашэнкі Ірына Абельская, дачка экс-міністаркі аховы здароўя Людмілы Пастаялкі. Адным зь першых такую вэрсію выказаў журналіст Павал Шарамет. Нядаўна «Кібэрпартызаны» пацьвердзілі гэтую інфармацыю.
Ірына Абельская ад 2009 году ўзначальвае Рэспубліканскі мэдычны цэнтар Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, які інакш называюць «лечкамісіяй». Пра адносіны Мікалая з маці нічога невядома, але зьяўлялася некалькі сумесных здымкаў.
Дзед асуджаны за антысавецкую дзейнасьць
Бацька Ірыны Абельскай Сьцяпан Пастаялка яшчэ ў сталінскія часы быў асуджаны на 25 гадоў лягераў за «антысавецкую дзейнасьць», а менавіта за дапамогу Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Яны жылі ў Бярозаўскім раёне. У зьняволеньні Сьцяпан прабыў чатыры гады, пасьля сьмерці Сталіна яго вызвалілі.
Публічнае жыцьцё Мікалая Лукашэнкі пачынаецца ад 2008 году. За нядоўгі пэрыяд хлопец сустракаецца з многімі вядомымі палітыкамі, такімі як Барак Абама, Сі Цзіньпін, Уладзімір Пуцін, Уга Чавэс, папа Бэнэдыкт ХVI. Апошняму хлопец падарыў буквар. У 10-гадовым узросьце быў на Генэральнай асамблеі ААН разам зь міністрам Уладзімерам Макеем.
«У яго характар больш цяжкі, чым у бацькі, лідэрскі. Будзе спрачацца і ісьці да канца, пакуль лоб сабе не разаб’е», — казаў Лукашэнка пра малодшага сына.
«Мне ня вельмі хацелася б быць прэзыдэнтам»
Мікалай Лукашэнка пайшоў у першую клясу ў школу мястэчка Астрашыцкі Гарадок пад Менскам. Адзінае інтэрвію Мікалай даваў 11-гадоваму журналісту з Прыморскага краю Яўгену Грышыну.
«Калі шчыра, то мне ня вельмі хацелася б быць прэзыдэнтам, бо гэта складанае жыцьцё. Ня ўпэўнены, што змог бы. Я ня ведаю, кім бы хацеў быць, магчыма, лекарам, можа, вайскоўцам. Яшчэ не пасьпеў вызначыцца», — казаў хлопец.
У 2020 годзе Мікалай паступіў у 10 клясу ў Ліцэй БДУ на біялягічны профіль, там жа вучыліся ўнучкі Лукашэнкі, дочкі Дзьмітрыя Лукашэнкі. Але пасьля пратэстаў жніўня 2020-га забраў дакумэнты. Хадзілі чуткі, што Мікалай вучыўся ў Маскве. Але потым стала вядома, што ён канчаў прыватную школу, якая знаходзіцца ў Драздах. Журналісты зь Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру высьветлілі, што адной з заснавальніц той школы была ягоная маці Ірына Абельская.
Падаўляў пратэсты з аўтаматам у руках
Таксама ў 2020-м Мікалай разам з бацькам зьяўляўся падчас акцыі пратэсту 23 жніўня. У руках у хлопца быў аўтамат.
А ў кастрычніку таго ж году быў у СІЗА КДБ, дзе Лукашэнка вёў перамовы з палітвязьнямі, у тым ліку Віктарам Бабарыкам і Сяргеем Ціханоўскім.
Адметна, што ў Колі так і не зьявіліся старонкі ў сацыяльных сетках. Сам Лукашэнка казаў, што супраць гэтага, каб не траўмаваць дзіцяці псыхіку. Тым ня менш бацька казаў, што Мікалай аматар «пагуляць у танчыкі».
«Іншы раз ён мне кажа: мне патрэбна інфармацыю знайсьці, у школе задалі. Дзьве хвіліны шукае, а потым гадзіну гуляе ў „танчыкі“. У мяне адна задача — яго адтуль вырваць», — казаў Лукашэнка.
Ад 1 верасьня ў Мікалая Лукашэнкі пачынаецца новая старонка біяграфіі. Ён паступіў на біялягічны факультэт БДУ, будзе навучацца на спэцыяльнасьці «Біятэхналёгіі». Рэктар біяфаку — прафэсар Вадзім Дзямідчык, які шмат гадоў працаваў у Вялікай Брытаніі. Пра вынікі цэнтралізаванага тэставаньня Мікалая Лукашэнкі нічога невядома.