Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З помсты». У Літве заявілі, што беларускія памежнікі шкодзяць агароджу, будаўніцтва якой мусяць завяршыць у верасьні


Архіўнае фота. Літоўскі памежнік на беларуска-літоўскай мяжы, верасень 2021 году
Архіўнае фота. Літоўскі памежнік на беларуска-літоўскай мяжы, верасень 2021 году

Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў заявіў, што беларускія памежнікі наўмысна і шкодзяць агароджу на літоўска-беларускай мяжы і робяць гэта «дэманстратыўна», паведамляе Delfi.lt.

«Мы можам сказаць, што фізычны бар'ер пашкоджваюць наўмысна. Беларускія памежнікі робяць гэта з помсты, робяць гэта дэманстратыўна нават там, дзе гэта фіксуюць нашы сыстэмы. Аднак большая частка пашкоджаньняў фіксуецца там, дзе сыстэмаў назіраньня няма», — сказаў ён.

Любаеў заўважыў, што беларускія афіцыйныя структуры на такія дзеяньні не рэагуюць нават пасьля таго, як літоўскія памежнікі паведамляюць пра гэта.

«Калі бачаць, што едзе наш патруль, шкодніцкія дзеяньні спыняюцца. Тады беларускія памежнікі ці мігранты адразу сыходзяць у глыб беларускай тэрыторыі. Мы фіксавалі выпадкі нанясеньня шкоды беларускімі памежнікамі, нават перадалі афіцыйнае паведамленьне ў сувязі з гэтым. Адказу альбо няма, альбо адказваюць, што такі выпадак высьветліць не ўдалося», — сказаў Любаеў.

На думку міністра ўнутраных спраў Агне Білатайце, супраць Літвы арганізаваная новая гібрыдная атака». Яна адзначыла, што калі б тых, хто шкодзіць агароджу, удалося затрымаць, супраць іх ужылі б санкцыі за парушэньне дзяржаўнай мяжы і псаваньне маёмасьці.

Паводле Агне Білатайце, Літва плянуе дабудаваць астатнія некалькі кілямэтраў агароджы на мяжы зь Беларусьсю ў верасьні і абсталяваць усю мяжу сыстэмамі відэаназіраньня, паведамляе МУС Літвы. Агулам праект прадугледжвае будаўніцтва плота даўжынёй 452,9 км, агароджы з калючага дроту працягласьцю 356,1 км і рэнавацыю 76,1 км плота. Больш за 50% (362 км з 679 км) літоўска-беларускай мяжы ўжо кантралююцца сыстэмамі відэаназіраньня.

На пачатку жніўня Літва зафіксавала рост колькасьці нелегальных мігрантаў з боку Беларусі. Паводле кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустама Любаева, ужо быў усталяваны рэкорд 2022 году — за дзень у Літву не ўпусьцілі больш за 100 чалавек, і такой колькасьці мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы не было даўно. Літоўскія памежнікі фіксуюць штодзень каля 60–70 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы мігрантамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG