«Дастаўляюць іншаземцаў да дзяржаўнай мяжы, праводзяць іх да месцаў, дзе няма плота або ён ня будзе ўзводзіцца з прычыны прыродных умоў, дапамагаюць у пашкоджаньні плота, каб прайсьці ў Літву», — зазначае літоўскае ведамства.
Яно сьцьвярджае, што пра гэта расказваюць самі мігранты.
«Відавочна, што без дапамогі беларусаў мігранты не маглі даведацца, што тут яшчэ ідуць работы па абсталяваньні плота і перасякаць мяжу ў гэтым канкрэтным месцы пакуль лягчэй, чым там, дзе работы завершаныя. Такая інфармацыя ёсьць у афіцыйных асоб Беларусі, якія назіраюць за работамі па ўзьвядзеньні плота і накіроўваюць замежнікаў для нелегальнага перасячэньня мяжы», — падкрэсьліваецца ў рэлізе.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
Да пачатку вайны ва Ўкраіне міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.